Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 2000 г.


Гутарыла Вольга Караткевіч

Факт цэнзуры з боку Дзяржкамдруку і адмовы друкарні "Мэджык" друкаваць цалкам газэту "Наша Свабода" камэнтуе палітычны аглядальнік Радыё "Свабода" Валер Карбалевіч.

(Карбалевіч: ) "Гэтая падзея сьведчыць пра цікавую зьяву, цікавую тэндэнцыю ў разьвіцьці палітычных працэсаў у Беларусі. Мы проста зараз канстатуем сытуацыю самацэнзуры. Пагрозы Лукашэнкі на адрас усіх незалежных структураў – партыяў, апазыцыі, прэсы – далі вось такі эфэкт, калі адбываецца самацэнзура.

Вось тая атмасфэра страху й запалохваньня, якая створаная Алкяксандрам Лукашэнкам у краіне, вядзе да таго, што ў прынцыпе ўтвараецца сытуацыя, калі не патрэбныя сапраўдныя рэпрэсіі, калі структуры, незалежныя ад уладаў, дзеля перастрахоўкі прымаюць такія рашэньні, каб лішні раз не ўступаць у канфлікт з уладамі.

Гэты эфэкт самацэнзуры, самаабмежаваньня ёсьць вельмі небясьпечным у разьвіцьці дэмакратычнага працэсу, асабліва напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта сапраўды новая зьява".

(Караткевіч: ) "Я хацела б вярнуцца да судовага працэсу "Мэджык" у справе маёмасьці, калі, фактычна, рашэньнем суду прэтэнзіі падатковай інспэкцыі былі прызнаныя абгрунтаванымі. Ці можна гаварыць пра нейкі кампраміс у гэтай сытуацыі паміж "Мэджыкам" і Дзяржкадрукам?"

(Карбалевіч: ) "Сапраўды, нейкі кампраміс ёсьць. І сёньняшнія падзеі менавіта сьведчаць пра тое, што ўлады дасягнулі нейкіх сваіх мэтаў, нават не ўжываючы адкрытых рэпрэсіяў.

Самацэнзура існуе ня толькі ў друкарні, яна існуе ў рэдакцыях, самацэнзура існуе ў журналістаў. І чым большы дзяржаўны ціск, тым больш гэтая самацэнзура будзе ўзмацняцца. Гэта непазьбежнае разьвіцьцё сытуацыі ў сёньняшніх умовах".

(Караткевіч: ) "Пасьля таго, як Мэджык адмовіўся друкаваць карыкатуры ў газэце "Наша Свабода", матывуючы тым, што мы ня хочам, каб не была страчаная ліцэнзія друкарні, якая друкуе ўсе незалежныя выданьні – ці варта чакаць таго, што наступныя публікацыі таксама будуць зьнятыя пад ціскам Дзяржкамдруку?"

(Карбалевіч: ) "Відавочна, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ціск з усіх бакоў на незалежную прэсу, на друкарні, на іншыя структуры будзе ўзмацняцца. У якіх формах адбудзецца гэтае самаабмежаваньне, ці абмежаваньне з боку ўладаў – мне цяжка прагназаваць. Але тое, што гэтая тэндэнцыя разьвіваецца – несумненна".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG