Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Лёс "8 канала" Менскае тэлевізіі можа вырашыць толькі асабістае ўмяшаньне або міністра сувязі Крукоўскага, або асобаў з адміністрацыі Лукашэнкі. Пра гэта на сёньняшняй сустрэчы з журналістамі заявіў дырэктар "8 канала" Пётра Чарнаморац.

Тэрмін арэнды перадавальнага прыстасаваньня кабельнага каналу сканчаецца 31 сьнежня. Пытаньне пра тое, што будзе трансьлявацца на сталай частаце 1 студзеня, застаецца адкрытым. Кіраўніцтва студыі Менскага гарадзкога выканкаму "Сталічная тэлевізія" упэўненае, што зьявіцца менавіта іхная праграма "СТВ-24 гадзіны".

Нягледзячы на даволі моцнае лёбі, цягам месяцу лёс "8 каналу" застаецца неакрэсьленым. Трэба адзначыць, што адзін з заснавальнікаў каналу, дырэктар СП "Лада-ОМС" Ваганаў зьяўляецца дэпутатам "Палаты прадстаўнікоў". Яшчэ адзін уплывовы чыноўнік, які сымпатызуе творчаму калектыву, кампазытар Міхал Фінбэрг, сэнатар Нацыянальнага сходу. Але спробы абараніць канал ад замахаў гарадзкіх уладаў пакуль безвыніковыя.

Некаторыя лічаць, што сумны прэцэдэнт стварыў непасрэдна былы намесьнік старшыні Менскага гарадзкога выканкаму Віктар Чыкін, які ў свой час быў ініцыятарам стварэньня телевізыйнае мабільнае брыгады. Ці ня стаў "8 канал" закладнікам закулісных гульняў амбіцыйных чыноўнікаў, я пацікавіўся ў аўтара й вядучага самае рэйтынгавае перадачы "8 каналу" — "У бары "У Алега" мастака Алега Белавусава:

(Белавусаў: ) "Мне цяжка сказаць. Я стары воўк, мне хацелася б спадзявацца, што гэта проста вынік нейкай дурасьці, авантурызму. Хацелася б спадзявацца, што няма больш глыбокіх каранёў. Вельмі шкада, бо я і палюбіў гэтую перадачу, і я бачу, як людзі да яе ставяцца. Чым мне ён падабаецца, чаму я прыйшоў на 8-мы канал – ён дынамічны, і вельмі лёгка вырашаюцца розныя праблемы, няма худсаветаў, усялякіх камісіяў".

Гэта быў, так бы мовіць, "бармэн" "8 каналу" Алег Белавусаў.

Калі канфліктная сытуацыя перайшла ў надзвычай сур'ёзную фазу, калектыў каналу накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку. Ніякіх камэнтароў з адміністрацыі дагэтуль не паступіла. Дырэктар каналу Пётра Чарнаморац спадзяецца, што пазытыўны для іх вынік магчымы пры непасрэдным удзеле міністра сувязі Міколы Крукоўскага.

У адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам, у гэтым выпадку дазвол на адраснае размеркаваньне частотаў "8 каналу" павінен даваць непасрэдна міністар. Менавіта ягоны подпіс цягам бліжэйшых двух дзён можа паставіць кропку ў барацьбе за эфір.

Праўда, "Сталічная тэлевізія" асабліва змагацца не плянуе. Ёсьць інфармацыя, што ў выпадку перадачы канала пад патранаж менскае мэрыі, 90% эфірнага часу будзе складаць рэтрансьляцыя праграмаў расейскае студыі "Ren TV", дзе ўласьнікам рэжысэр Эльдар Разанаў. На долю інфармацыйнага аддзелу "СТВ-24 гадзіны" прыйдзецца толькі 15 хвілінаў штодзённай інфармацыі. Але спадар Новік, кіраўнік праекту сталічнага выканкаму, ужо прапанаваў камандзе Чарнаморца загадзя зьмірыцца з роляй "запаснога кола" да новае тэлевізыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG