Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сьнежня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 26 сьнежня)
Міністар прадпрымальніцтва ды інвэстыцыяў Анатоль Скорбеж заявіў пра непрымальнасьць сілавога ціску на ўлады з боку гандляроў рэчавых кірмашоў. У сваю чаргу, прафсаюзныя лідэры прыватных прапрымальнікаў адказнасьць за канфліктную сытуацыю ўскладаюць на ўлады і працягваюць падрыхтоўку да студзеньскага агульнанацыянальнага страйку.

Міністар Скорбеж паведаміў сёньня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі, што патрабаваньні беларускіх гандляроў разглядаюцца ва ўрадзе. Камэнтуючы нашаму радыё пазыцыю міністэрства на гэты конт, ён зазначыў:

"Была сустрэча ў нас і, як выказаліся лідэры гэтых прафсаюзных суполак, у іх няма прэтэнзіяў да міністэрства. У тым ліку прысутнічаў і спадар Леванеўскі, і яны зразумелі, што нельга вось так імгненна вырашаць праблемы. Патрэбен пэўны час, хаця й нам хацелася б вырашыць іх раней", — зазначыў Анатоль Скорбеж.

На думку ж прыватных прадпрымальнікаў, улады сьвядома адкладваюць на няпэўны тэрмін вырашэньне праблемаў дробнага бізнэсу. Спробы прадпрымальнікаў пераканаць уладныя структуры ў абсурднасьці новаўвядзеньня, зьвязанага са спагнаньнем мытаў і падаткаў за тавары "трэціх" краінаў, што ўвозяцца ў Беларусь з тэрыторыі Расеі, пакуль што ня мелі посьпеху. Атачэньне Лукашэнкі не адрэагавала на аднадзённы агульнанацыянальны страйк, які адбыўся 23 лістапада. Затым сам Лукашэнка зьдзьекліва выказаўся наконт прадпрымальніцкага мітынгу ў Менску, што правялі гандляры 18 сьнежня.

Аднак, нягледзячы на гэта, прадстаўнікі дробнага бізнэсу ня маюць намеру апускаць рукі. Наперадзе — чарговая акцыя пратэсту. Яна мае адбыцца зь 1 па 5 студзеня. Гэта будзе ўжо 5-дзённы агульнанацыянальны страйк.

Вось што паведаміў сёньня нашаму радыё каардынатар акцыі Леанід Каліценя:

"Пакуль вядзецца падрыхтоўка, распаўсюджваецца літаратура, праводзяцца сходы. Ужо адбыліся сходы, у прыватнасьці, у Віцебску, Гомлі, Барысаве, Дзяржынску ды іншых гарадох, дзе выказана падтрымка акцыі. У рэгіёнах гучаць прапановы, каб акцыя доўжылася некалькі тыдняў, ня менш як месяц. Пашыраецца геаграфія арганізаваных прадпрымальніцкіх дзеяньняў. Вось, напрыклад, тэлефанавалі з Кобрыня й Калінкавічаў — там зьбіраюцца ствараць прафсаюзныя арганізацыі", — паведаміў Леанід Каліценя.

Сапраўды, у многіх рэгіёнах краіны гандляры рэчавых кірмашоў настроены на правядзеньне страйку больш рашуча за сталічных прадпрымальнікаў. Прафсаюзная лідэрка віцебскіх прадпрымальнікаў Іна Фралова патлумачыла гэта наступным чынам:

"Прадпрымальнікі Віцебску гатовыя да страйку, гатовыя спыніць працу. Бо на сёньняшні дзень ужо складаюцца акты на прадпрымальнікаў пра парушэньне імі мытнага заканадаўства. Але ж нашы прадпрымальнікі ня могуць выканаць новых правілаў з прычыны вялікіх памераў выплатаў. У параўнаньні са сталічнымі гандлярамі, у нас меншыя даходы. Каб выплаціць мыты й падаткі на тавары "трэціх" краінаў, віцебскаму прадпрымальніку, патрэбна зарабіць дадаткова 400 даляраў. Гэта немагчыма. Таму ў нас прадпрымальнікі гатовыя і да бестэрміновага страйку, бо для іх праца азначае крушэньне", — зазначыла Іна Фралова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG