Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Канстытуцыйны суд спрачаецца з Пракуратураю ў справе нагляду за лукашэнкавымі чыноўнікамі, а генэральны пракурор хоча бачыць новыя кодэксы ў дзеяньні толькі праз год…

Генэральны пракурор Віктар Шэйман пасьля сёньняшняе сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў, што прапанаваў праект дэкрэту пра адтэрміноўку ўвядзеньня ў дзеяньне новых Крымінальнага, Крымінальна-працэсуальнага ды Крымінальна-выканаўчага кодэксаў яшчэ на адзін год — да 1 студзеня 2002 году.

Раней было абвешчана, што новыя кодэксы стануць чыннымі ўжо з наступнага тыдня — з надыходам 2001 году. Спадар Шэйман патлумачыў нечаканую прапанову тым, што дагэтуль нібыта ня створаныя ўмовы для спаборніцтва бакоў у крымінальных судовых працэсах, ды выказаў упэўненасьць, што дэкрэт будзе падпісаны ўжо на гэтым тыдні.

А паміж пракуратураю ды Канстытуцыйным судом разгараецца спрэчка вакол тлумачэньня аднаго з артыкулаў лукашэнкавае канстытуцыі, дзе вызначаюцца пракурорскія паўнамоцтвы. Ад выніку спрэчкі залежыць, ці змогуць звычайныя грамадзяне з дапамогаю пракуратуры прыцягваць да адказнасьці чыноўнікаў прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Яшчэ 9 кастрычніка намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Віктар Валюшка падпісаў афіцыйную паперу, дзе пацьвердзіў абгрунтаванасць, цытую, "тлумачэньня палажэньняў артыкулу 125 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з указаньнем на тое, што нагляд за выкананьнем адміністрацыяй прэзыдэнта законаў ды іншых нарматыўных актаў у кампэтэнцыю пракуратуры не ўваходзіць".

Сапраўды, паводле паправак 1996 году, прэзыдэнцкая адміністрацыя пазбаўленая ўсялякага пракурорскага кантролю. Але ці можна пракурору прыцягнуць да адказнасьці ня ўсю адміністрацыю, а якога-небудзь асобнага ейнага супрацоўніка? Кіраўніцтва пракуратуры адказвае на гэтае пытаньне адмоўна. Хаця той жа артыкул 125 "канстытуцыі 1996 году", на які пракуроры спасылаюцца, сьцьвярджае, цытую:

"Нагляд за дакладным і аднастайным выкананьнем законаў, дэкрэтаў, указаў ды іншых нарматыўных актаў падведамнымі Савету міністраў ворганамі, мясцовымі прадстаўнічымі й выканаўчымі ворганамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі ды ўстановамі, грамадзкімі аб'яднаньнямі, службовымі асобамі й грамадзянамі ўскладаецца на Генэральнага пракурора й падначаленых яму пракурораў".

Пракуратура пад кіраўніцтвам Алега Бажэлкі, прачытаўшы ў пачатку гэтага артыкулу словы "падведамнымі Савету Міністраў" ды ў канцы словы "службовымі асобамі", распаўсюдзіла падпарадкаванасьць Саўміну на ўвесь сказ ды не заўважыла ў ягонай сярэдзіне словы "грамадзкімі аб'яданьнямі", якія абсалютна непадведамныя Савету Міністраў. Вось такія юрысты працуюць у цэнтральным апараце пракуратуры, што нават лукашэнкаву "канстытуцыю" зразумець ня могуць.

У Канстытуцыйным судзе юрысты выявіліся больш пісьменнымі, таму ягоны старшыня Рыгор Васілевіч 12 кастрычніка, праз тры дні пасьля адказу пракурора Валюшкі, напісаў, што, цытую, "ёсьць падставы сьцьвярджаць пра наяўнасьць у пракуратуры Рэспублікі Беларусь права ажыцьцяўляць нагляд за службовымі асобамі ворганаў і арганізацыяў, за выняткам службовых асобаў, якія маюць статус, адмыслова вызначаны Канстытуцыяй".

У канстытуцыі ня згадваецца нават кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі, не кажучы пра іншых ейных супрацоўнікаў, таму чакалася, што пракуратура зразумее сваю памылку ды пагодзіцца наконт межаў уласных паўнамоцтваў з Канстытуцыйным судом. Але ў працэсе разгляду справы быў звольнены генэральны пракурор Алег Бажэлка, і ўсе чакалі рэакцыі новага кіраўніка пракуратуры Віктара Шэймана.

Спадар Шэйман вырашыў у спрэчцы ня ўдзельнічаць і памылку таксама не выпраўляць. 20 сьнежня начальнік управы агульнага нагляду пракуратуры Беларусі Іван Падамацька падпісаў наступны адказ: "Падставаў да перагляду раней прынятых рашэньняў няма". Такім чынам, грамадзяне Беларусі па-ранейшаму пазбаўленыя канстытуцыйнага права на дапамогу пракурораў у барацьбе супраць тых чыноўнікаў прэзыдэнцкай адміністрацыі, якія парушаюць законы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG