Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 сьнежня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Напярэдадні Калядаў амніставаны мастак Алесь Пушкін. Нагадаем, што 27 лістапада мінулага году за пэрфоманс-пратэст супраць узурпацыі Аляксандрам Лукашэнкам вышэйшае выканаўчае ўлады ён быў засуджаны Ленінскім судом гораду Менску да двух гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна з адтэрміноўкаю выкананьня.

21 ліпеня летась, у дзень, калі скончыліся прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі, Алесь Пушкін зладзіў мастацкую акцыю пад назовам "Гной для прэзыдэнта".

Адмысловы твор мастака Ленінскі суд гораду Менску ацаніў як злоснае хуліганства, учыненае з асаблівым цынізмам. І вынес прысуд: два гады пазбаўленьня волі ўмоўна з адтэрміноўкаю выкананьня.

Мяккае, на першы погляд, пакараньне абярнулася для мастака амаль поўным пазбаўленьнем яго свабоды творчасьці. Летась увосень Алеся Пушкіна не пусьцілі на ягоную пэрсанальную выставу ў Варшаву. А сёлета, калі лепшым быў прызнаны ягоны праект росьпісу царквы амэрыканскіх беларусаў у Кліўлендзе, беларускія ўлады пазбавілі мастака мажлівасьці выканаць там гэтую працу. Нават у недалёкія творчыя вандроўкі па Беларусі мастак мог паехаць толькі з афіцыйнага дазволу Крупскага раённага аддзелу ўнутраных справаў, у чыім падведамасным падпарадкаваньні знаходзіцца вёска Бобр — мейсца сталага жыхарства спадара Пушкіна.

Вось чаму так шчасна ўспрыняў ён сваю амністыю, якую ўлады, аднак, абставілі як акт свайго гуманізму. Хаця сам мастак перакананы, што выглядаць яна мусіла, як прызнаньне незаконнага прысуду. Гаворыць Алесь Пушкін:

(Пушкін: ) "Амністыя выглядала так вельмі буднічна. Яны выклікалі і кажуць: "Вось, Вы цяпер вольныя. З вас здымаецца судзімасьць і просім ацаніць акт гуманнасьці дзяржавы ў адносінах да Вас". Я, прызнацца, падумаў, што ня буду ім казаць, што гэта акт прызнаньня дзяржавы правільнасьці шляху, і мяккасьць пакараньня, па-сутнасьці, і ёсьць такія адносіны, што немажліва чалавека судзіць за ягоныя мастацкія рэчы, і гэтым самым указаны шлях для барацьбы. Я гэтага пабаяўся сказаць, бо пракурор мае такую сілу, што выслухаўшы такую маю рэпліку, скажа, што Вы не зразумелі акту гуманнасьці, таму яшчэ падумайце год, і, магчыма, Вы да нечага прыйдзеце, Вас ждыцьцё навучыць. Пракурор быў строгі на выгляд".

Тым ня менш, мастак успрыняў доўгачаканую навіну вельмі радасна, бо ня мець яшчэ год мажлівасьці свабоднага выезду за мяжу азначала б для яго канчаткова разьвітацца з мараю ўвасабленьня свайго кліўлендзкага праекту. А яшчэ Алесь Пушкін хоча сказаць сваё творчае слова ў галоўнай грамадзка-палітычнай падзеі наступнага году — перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі.

(Пушкін: ) "Залудзіўся ўнесьці сцьплую лепту ў перадвыбарчае мастацкае жыцьцё".

Сказаў у эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё амніставаны 23 сьнежня мастак Алесь Пушкін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG