(эфір 23 сьнежня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі. З набліжэньнем Новага году з усіх міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі паступаюць пераможныя рэляцыі пра посьпехі ў сацыяльна-эканамічным разьвіцьці. Чаго вартыя гэтыя посьпехі, можна бачыць на прыкладзе гэтак званае "стабілізацыі рынку працы". Як паведамляе старшыня камітэту занятасьці пры Міністэрстве працы спадар Ванееў, сёлета па дапамогу ў працаўладкаваньні зьвярнуліся 280 тысячаў чалавек. Ва ўладкаваньні на працу — 210 тысячаў чалавек, або 55,8% маючых патрэбу ў працы. На сёньня колькасьць беспрацоўных дасягае 97 тысячаў чалавек, ці 2,2% эканамічна актыўных насельнікаў краіны. Адным словам — рынак працы выглядае стабільным. Але калі зьвярнуцца да рэальных фактаў, можна ўбачыць зусім іншы малюнак. Такім чынам, паводле дадзеных Канфэдэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, схаванае беспрацоўе на прамысловых прадпрыемствах сягае 40% і трымаецца на такім узроўні ўжо даўно. Але й апроч гэтага ў камітэце занятасьці добра ведаюць, што колькасьць асобаў, ня маючых працы, як мінімум удвая большая, значыць, дзесь каля 450 тысячаў асобаў. Але беспрацоўныя не рэгіструюцца з-за шматлікіх прычынаў. Першая зь іх — дапамога ў беспрацоўі ў Рэспубліцы складае ў сярэднім 4200 рублёў у месяц, а ў Берасьцейскай вобласьці — усяго 3160 рублёў, ці меней 3 даляраў. Другая прычына — каб атрымаць нікчэмную дапамогу, трэба адпрацаваць некалькі дзён на грамадзкіх працах. Таксама за ўмоўную плату. Трэцяя прычына ў тым, што службы занятасьці прапануюць значнай бальшыні беспрацоўных працу з заробкам ніжэй мінімальнага спажывецкага бюджэту. Як прыняць такую прапанову? Бо, каб пражыць, трэба працаваць у дзьвюх месцах адначасова. Ці можна лічыць, што на рынку працы дасягнутая стабілізацыя, калі лік працоўных, што атрымалі сёлета прымусовы адпачынак без захаваньня заробкавае платы або пры частковым захаваньні заробку, сёлета павялічыўся аж на 25,6% і дасягнуў амаль 200 тысячаў чалавек? Кіраўнікі Міністэрства працы не асабліва афішуюць нэгатыўныя тэндэнцыі на рынку працы, якія ўсё больш замацоўваюцца й робяцца ўсё больш пагражальнымі. Так, сёлета колькасьць выпускнікоў базавых і сярэдніх школаў, зарэгістраваных беспрацоўнымі, павялічылася на 21,3%. Беспрацоўе імкліва маладзее. Доля асобаў у веку 16-29 год сярод афіцыйна ўлічаных беспрацоўных ужо дасягнула 54,6%. У Міністэрстве працы ня робяць ніякіх захадаў у скарачэньні патэнцыйнае базы для росту рэгіструемага беспрацоўя. Гаворка йдзе пра эканамічна неактыўную частку жыхароў, якое ў Рэспубліцы звыш 700 тысячаў чалавек або каля 12% ад колькасьці працоўных рэсурсаў. Калі ўсё сказанае ёсьць стабілізацыяй рынку працы, дык што такое масавае беспрацоўе: і схаванае, і адкрытае?