Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

(эфір 21 сьнежня)
Сёньня ўвечары на сходзе прадпрымальнікаў Свабоднага прафсаюзу Гомелю ў ліку іншых пытаньняў вырашалася і стаўленьне да агульнанацыянальнай акцыі пратэсту дробных бізнэсоўцаў, што заплянавана на пачатак будучага году.

Нельга нават пералічыць усе тыя факты ўціску і самаўпраўстава падаткоўцаў, міліцыянтаў, адміністрацыяў рынкаў у дачыненьні да прадпрымальнікаў, пра якія згадвалі сёньня на сходзе лідэр гарадзкой арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Тацяна Марчанка і юрыст Віктар Ялфімаў. Гучала і такая лічба: дзейнасьць дробных бізнэсоўцаў у дзяржаве рэгулюецца, калі можна так сказаць, паўтысячай розных заканадаўчых актаў і інструкцыяў. І кожны правяраючы прымяняе іх так, як яму схочацца. Вынік адзін – штраф альбо канфіскацыя тавару.
Апошняй кропляй ў цярпеньні стала ўвядзеньне ў кастрычніку абавязковага мытнага афармлення тавару з "трэціх краінаў", што штурхае гандляроў на падвышэньне коштаў на гэтыя тавары на 40-50 адсоткаў.

У Гомлі ёсьць і прэцэдэнт: за парушэньне мытнага заканадаўства прадпрымальнік аштрафаваны ажно на 100 мінімальных заробкаў, што складае 360 тысячаў рублёў. Гандляры сумна жартуюць: кантралёры выконваюць дадатковы плян ад "Рыгоравіча" па зборы штрафаў.
Словам, сама сытуацыя на рынках падштурхоўвае бізнэсоўцаў да страйкаў. Гамельчукі сёньня прынялі рашэньне падтрымаць акцыю пратэсту і доўжыць яе, пачынаючы з 1 студзення, не 5 дзён, як ў Менску, а дванаццаць.

Вось што сказаў пра мэту акцыі сябра рады Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Аляксандр Каўдзерка:

(Каўдзерка: ) "Нашыя акцыі, нашыя страйкі прымусяць ўлады штосьці зрабіць, даць нам жыць і працаваць па-людзку. Інакш прыйдзецца змяніцца ўладам," – зазначыў спадар Каўдзерка.

На сходзе прысутнічалі таксама прадстаўнікі дробнага бізнэсу з Рэчыцы і Рагачова. Паводле заявы іх лідэраў, яны вызначаць тэрміны страйку ў сваіх гарадох у бліжэйшыя два дні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG