Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 2000 г.


Максім Лукашэвіч, Прага

Напярэдадні Калядаў мы зьвярнуліся да шэрагу вядомых замежных палітыкаў з пытаньнямі, як яны асабіста будуць адзначаць Каляды, як гэта адбываецца ў іх краінах і чаго яны жадаюць з нагоды гэтага сьвята беларусам. Першы адказвае дакладчык у справе Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Фольфганг Бэрэндт.

(Карэспандэнт: ) «Як Вы будзеце сьвяткаваць Каляды?»

(Бэрэндт: ) «Буду дома, разам з сям'ёй, будзе елка, будуць спакойныя і ўтульныя Каляды».

(Карэспандэнт: ) «Ці даводзілася Вам сустракаць Каляды недзе ў іншай краіне ў сувязі з Вашай працай?»

(Бэрэндт: ) «Не, Каляды я заўсёды сустракаю дома, заўсёды разам з сям'ёй. У Нямеччыне гэта галоўнае сямейнае сьвята».

(Карэспандэнт: ) «А як Вы яго адзначаеце?»

(Бэрэндт: ) «Ідзем у царкву недзе а шостай, вяртаемся дамоў, маем лёгкую вячэру, тады запальваем елку, пад елкай ляжаць падарункі, якія адразу пачынаем разглядаць. Гэта ўсё адбываецца 24-га, на Куцьцю».

(Карэспандэнт: ) «Што Вы ясьцё у гэты дзень?»

(Бэрэндт: ) «Заўсёды адно і тое. Гэта вельмі простая страва – гэта адмысловы нямецкі бульбяны салат, які гатуе мая жонка. Гэта вельмі пікантная страва. Разам з гэтым мы ямо вінэршніцэль, а таксама адзін з гатункаў нямецкага гамбургеру».

(Карэспандэнт: ) «Мяса на Куцьцю?»

(Бэрэндт: ) «Ня ведаю, мы заўсёды елі мяса на Куцьцю. Калі сёлета зьменім, то гэта будзе рашэньне маёй жонкі. Часам ямо таксама карпа, але часьцей мяса».

(Карэспандэнт: ) «А як называецца гэты салат з бульбы?»

(Бэрэндт: ) «Проста бульбяны салат, гэта рэцэпт маёй жонкі. Ён гатуецца з маянэзу, яблыкаў, гуркоў, цукру, цыбулі, лімоннага соку і бульбы. Гэта традыцыйная страва нашай сям'і. Мая мама яго рабіла, а цяпер жонка».

(Карэспандэнт: ) «А якую музыку Вы слухаеце на Каляды?»

(Бэрэндт: ) «Мае жонка і дачка асабліва любяць калядкі ў выкананьні амэрыканскай сьпявачкі Дорэс Дэй. Гэта нашая ўлюбёная кружэлка на Каляды».

(Карэспандэнт: ) «Якія Вашыя калядныя пажаданьні беларусам?»

(Бэрэндт: ) «Само сабой, я жадаю ўсім людзям у Беларусі шчасьлівых Калядаў, а таксама жадаю, каб іх жыцьцёвыя ўмовы палепшыліся ў наступным годзе. Спадзяюся, што адбудуцца свабодныя і справядлівывя выбары ў Беларусі, што ўся палітычная сытуацыя палепшыцца, і што Беларусь прымуць раўнапраўным членам у сям'ю эўрапейскіх дзяржаваў».

На заканчэньне Вольфганг Бэрэндт павіншаваў нашых слухачоў па-нямецку, па-ангельску і па-беларуску.

Гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG