Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Дэлегацыя Беларусі на чале з Уладзімірам Замяталіным накіравалася ўчора ў Ірак. Назіральнікі ацэньваюць паездку як падрыхтоўку да візыту ў Багдад Аляксандра Лукашэнкі.

Як паведаміў сёньня на брыфінгу прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Павал Латушка, дэлегацыя Беларусі начале зь першым намесьнікам кіраўніка прзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімерам Замяталіным накіравался ў Ірак.

Паводле словаў спадара Латушкі, у склад дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі сфэраў адукацыі, культуры й мэдыцыны, таму "гэты візыт носіць чыста гуманітарны характар".

Дыпляматычнае ведамства Беларусі сьцьвярджае, што кантакты зь Іракам ажыцьцяўляюцца выключна ў межах адпаведнае рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, якая мае назоў "Нафта за харчы".

Павал Латушка сказаў, што Менск атрымаў згоду камітэту ў справе санкцыяў Рады Бясьпекі ААН на вылет беларускага самалёту ў Багдад. "Рэспубліка Беларусь зацікаўленая ў разьвіцьці гандлёва-эканамічных сувязяў зь Іракам пасьля скасаваньня адпаведных санкцыяў супраць гэтае дзяржавы, але цяпер мы ажыцьцяўляем кантакты строга ў адпаведнасьці з рэзалюцыяй Рады Бясьпекі ААН", — зазначыў прэсавы сакратар МЗС. На пытаньне, ці паедзе сёлета ў Багдад Аляксандар Лукашэнка, Павал Латушка адказаў гэтак: "У гэтым годзе — не прадбачыцца".

Пракамэнтаваць чарговы візыт у Ірак спадара Замяталіна я папрасіў яшчэ аднаго рэгулярнага наведніка гэтае краіны Сяргея Гайдукевіча, лідэра Лібэральна-Дэмакратычнае партыі…

(Гайдукевіч: ) "Калі выяжджае спадар Замяталін зь Беларусі, гэта выклікае толькі вялікую радасьць. Трэба, каб як мага болей гэтая паездка цягнулася — літаральна паўгода, год. І пажадана, каб ён яшчэ зазірнуў у некаторыя падобныя дзяржавы. Чым менш ён будзе ў Рэспубліцы Беларусь, тым больш будзе тут у нас пазытыўнага. Калі б яшчэ туды паехаў ягоны патрон, увогуле было б цудоўна", — лічыць спадар Гайдукевіч.

Ягоную думку пра мажлівы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Ірак падзяляе і Андрэй Саньнікаў, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі:

(Саньнікаў: ) "Я лічу, што тут ня толькі адукацыйныя нейкія, культурныя мэты, таму што мы ведаем – былі ў Іраку дэлегацыі, якія абмяркоўвалі і больш небясьпечныя пытаньні, як супрацоўніцтва ў ваеннай галіне… Таму я не выключаю, што аб гэтым і пойдзе гаворка. Сам Замяталін калісьці адказваў за гэтыя справы. Можа адбыцца і сустрэча (можа яна рыхтуецца) Лукашэнкі зь Садамам Гусэйнам. Ён зараз пасьлядоўна сустракаецца з дыктатарамі, якія яшчэ засталіся ў сьвеце".

Гэта быў Андрэй Саньнікаў, міжнародны каардынатар "Хартыі-97". А кіраўнік Лібэральна-Дэмакратычнае партыі Сяргей Гайдукевіч называе паездку афіцыйнае дэлегацыі ў Багдад цалкам безсэнсоўнаю:

"Я ня ведаю, што яны там робяць. Я б на месцы спадара Замяталіна паехаў лепш за ўсё ў Эўропу — даць тлумачэньні перад эўрапейскімі дзяржавамі, што цяпер адбываецца ў Рэспубліцы Беларусь: шпіёнаманія разгортваецца, кампанія паляваньня на шпіёнаў. Пасьля гэтага, напэўна, будзе ўводзіцца надзвычайнае становішча", — мяркуе Сяргей Гайдукевіч, лідэр лібэрал-дэмакратаў.

Ён сказаў, што ягоныя візыты ў Ірак адбываюцца толькі ў межах Багдадзкае канфэрэнцыі, у якой бяруць удзел прадстаўнікі 76 краінаў сьвету, у тым ліку Францыі, Вялікай Брытаніі, ЗША, Расеі, Украіны, ды толькі паводле афіцыйных запрашэньняў ірацкага віцэ-прэм'ера Тарыка Азіза. Багдадзкая канфэрэнцыя займаецца такімі праблемамі, як дзіцячая сьмяротнасьць у гэтай краіне, недахоп лекаў і гэтак далей. А што робіць у Іраку Ўладзімер Замяталін, спадар Гайдукевіч ня ведае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG