Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 сьнежня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

У Менску штогод адмысловыя службы зьнішчаюць каля 12 тысячаў бадзяжных жывёлін, частка зь якіх — гэта былыя хатнія сабакі, якіх кінулі гаспадары з-за немагчымасьці плаціць за іх вялікі падатак. Менскія ўлады ўжо амаль чатыры гады зьбіраюць такі падатак. Плянавалася, што частка гэтых грошай будзе выдаткаваная на будаўніцтва прытулку для бадзяжных жывёлін. Але замест гэтага распачалося будаўніцтва цэнтру, які будзе займацца адловам і зьнішчэньнем беспрытульных сабак і катоў.

Зь 97-га году менскія ўладальнікі сабак забавязаныя плаціць за сваіх гадаванцаў адмысловы збор. За вялікага сабаку — адзін мінімальны заробак, за сярэдняга — 40%, і за малога — 15% ад мінімальнага заробку штомесяц. Паводле прэзыдэнта Беларускага таварыства аховы жывёлін "Ратаваньне" Людмілы Атрашкевіч, на пачатак году менскія ўлады сабралі з уладальнікаў сабак больш за 56 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

Гэтыя сродкі павінны выкарыстоўвацца на стварэньне і ўтрыманьне пляцовак для выгулу сабак, на будаўніцтва прытулку для жывёлы, на утрыманьне службаў, якія займаюцца адловам бадзяжных жывёлін, на вэтэрынарныя службы ды іншае. "Сабачыя" грошы таксама йдуць на заахвочваньне міліцыянатаў, якія выяўляюць людзей, што адмаўляюцца ад рэгістрацыі жывёлін, а таксама — на разьвіцьцё матэрыяльнае базы міліцыі.

А цяпер вось замест будаўніцтва прытулку на вуліцы Гурскага пачаліся падрыхтоўчыя работы да ўзьвядзеньня пункту адлову і зьнішчэньня бадзяжных жывёлін.

Як мяркуе прэзыдэнт Беларускага таварыства аховы жывёлін Людміла Атрашкевіч, атрымалася так, што прыхільнікі сабак вымушаныя аплочваюць забойства жывёлін. Да таго ж з-за вялікага памеру збору шмат хатніх жывёлін апынуліся на вуліцы.

(Атрашкевіч: ) "Кожны год адлоўліваюць і зьнішчаюць 12 тысяч жывёл толькі ў Менску. І калі ў 95-96 гадах адлоўлівалі і зьнішчалі толькі 10 тысяч, то пасьля таго, як увялі такі вялізны збор з кожнай жывёлы, пачалі адлоўліваць 12 тысяч".

Людміла Атрашкевіч лічыць, што зьнішчэньне бадзяжных жывёлін у Менску адбываецца антыгуманна:

(Атрашкевіч: ) "Ёсьць такая служба – Спэцаўтатранс, якая мае некалькі машын, і кожны дзень яны выяжджаюць і адлоўліваюць. Яны адлоўліваюць і часам забіваюць іх кіямі, нават у машынах. Тых, якіх не забілі, яны жывымі вязуць на 13 кілямэтар ракаўскага накірункe – там скотамагільнік. Яны ўтрымліваюць іх адзін дзень у клетках усіх разам, і маленькіх сабак, і вялікіх. Кошкі ў іншай клетцы. А пасьля забіваюць токам, гэта таксама вельмі негуманна".

Распавяла Людміла Атрашкевіч.

На ейную думку, патрэбная іншая канцэпцыя ліквідацыі бадзяжных жывёлін:

(Атрашкевіч: ) "Трэба, як у цывілізаваных краінах, зьмяншаць колькасьць жывёлаў у горадзе. Мы прапаноўваем стэрылізацыю і рэгуляваньне колькасці тых жывёлаў, якія нараджаюцца. Гэта мы робім і цяпер. Мы прастэрызавалі больш за 200 жывёл".

Паводле Людмілы Атрашкевіч, за пяць год працы Беларускага таварыства аховы жывёлін "Ратаваньне" больш за 3 тысячы бадзяжных жывёлін былі ўладкаваныя ў сем'і.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG