Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 сьнежня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Вярхоўны суд зьліквідаваў Беларускі фонд Сораса. Гэтае рашэньне азначае, што ў краіне качаткова спыненае існаваньне грамадзкай арганізацыі, якая ў свой час актыўна аказвала дабрачынную дапамогу многім недзяржаўным структурам і прыватным асобам, чыя праца садзейнічала дэмакратычнаму разьвіцьцю Беларусі.

Разгляд справы пра ліквідацыю Беларускага фонду Сораса ў Вярхоўным судзе ініцыявала Міністэрства юстыцыі. Як паведаміў на сёньняшнім паседжаньні прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Пятро Рагойша, гэтая грамадзкая арганізацыя не прайшла перарэгістрацыю, тэрмін якой скончыўся летась у жніўні.

Між тым, паводле словаў Рагойшы, Фонд не парупіўся, каб падоўжыць сваё існаваньне. Чаму так адбылося на самрэч, нашаму радыё распавёў былы старшыня Назіральнае рады аб'яднаньня Сяргей Леўшуноў:

(Леўшуноў: ) "Да фонду Сораса прыйшла праверка, якая была арганізаваная сакратаром Рады бясьпекі Шэйманам, што, дарэчы, было грубым парушэньнем закону аб грамадзкіх арганізацыях. У выніку гэтая праверка склала абвінавачаньне фонду ў тым, што ён не прадаваў ва ўстаноўленым парадку валюту, якая паступала на яго рахунак".

(Карэспандэнт: ) "А што гэта за сытуацыя з 78 мільёнамі беларускіх рублёў падаткаў, якія не заплаціў у свой час фонд Сораса?"

(Леўшуноў: ) "Падставай для гэтага паслужыў указ прэзыдэнта Лукашэнкі, выдадзены ў свой час у мэтах удасканаленьня зьнешняй эканамічнай дзейнасьці суб'ектаў гаспадараньня, гэта значыць таго, які ніяк не адпавядаў сытуацыі фонду, які ня быў суб'ектам гаспадараньня і ня вёў ніякай гаспадарчай дзейнасьці. Вынікам гэтага стала рашэньне, што фонд павінен беларускай дзяржаве каля 3 мільёнаў даляраў (зараз гэтая сума значна ніжэй). Фонд доўга змагаўся за свае правы з пераменным посьпехам, але канчатковы вынік быў на карысьць падатковай інспэкцыі".

— зазначыў Сяргей Леўшуноў.

Практычная дзейнасьць фонду Сораса была "замарожаная" яшчэ ў 1997 годзе. Летась, паводле статуту гэтай арганізацыі, скончыліся паўнамоцтвы старшыні Назіральнае рады. Таму ані спадар Леўшуноў, ані нейкая іншая асоба зараз фактычна ня маюць юрыдычнага мандату на тое, каб прадстаўляць Фонд. Вось чаму ягоныя абаронцы на сёньняшнім паседжаньні Вярхоўнага суду адсутнічалі.

Такая акалічнасьць, аднак, не паўплывала на судзьдзю Мікалая Бабкова, які са згоды прадстаўніка Пракуратуры ў судзе абвясьціў пра задавальненьне пазову Міністэрства юстыцыі.

Пракамэнтаваць сёньняшняе рашэньне пра ліквідацыю Беларускага Фонду Сораса я папрасіў колішняга сябра Назіральнае рады, а цяпер намесьніка дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандра Саснова:

(Сасноў: ) "Па-першае, да моманту, калі яго зачынілі, ён уклаў у Беларусь больш за 13 мільёнаў даляраў. Атрымалі гэтыя грошы тыя, хто б ніколі не атрымаў ад дзяржавы нічога. Гэта грошы на падтрымку незалежных СМІ, сэмінараў, падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу, падтрымка навукі, пэдагогаў, на выданьне падручнікаў, культуры і мастацтва. Фонд Сораса прывез у краіну і той друкарскі станок, які быў у "Мэджыка,"

— зазначыў Аляксандар Сасноў.

Дарэчы, што тычыцца "Мэджыку". На думку назіральнікаў, існуе шчыльная сувязь паміж учорашнім рашэньнем Вышэйшага гаспадарчага суду, які прызнаў абгрунтаваным "арышт" падатковай інспэкцыяй паліграфічнага абсталяваньня гэтае недзяржаўнае друкарні, і сёньняшнім выракам Вярхоўнага суду.

Гэткім чынам, паводле меркаваньня экспэртаў, улады разьлічваюць заблытаць праўную сытуацыю вакол маёмасьці "Мэджыку", каб потым бяз цяжкасьцяў зканфіскаваць яе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG