Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 сьнежня 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 16 сьнежня)
Навіны культуры мінулага тыдня.

Віленскае Таварыства беларускае культуры выдала шыкоўна аздобленую кнігу Зянона Пазьняка "Gloria Patria", якая зьмяшчае каля 400 вершаў і 300 фотаздымкаў. Гэта ўжо пятая кніга Пазьняка. Яна павінна была выйсьці яшчэ ў 96-м годзе ў Менску, але гэтаму перашкодзіў вымушаны ад'езд былога лідэра апазыцыі на Захад. За савецкага часу Пазьняк быў прафэсійным фатографам: працаваў ў гэтай якасьці ў гістарычным музэі ды ў музэі Янкі Купалы — і пісаў вершы на матывы сваіх здымкаў. На адным з аўтапартрэтаў Зянон паказаны ў вобразе Кастуся Каліноўскага.

У Відэаклюбе Таварыства Беларускае Мовы зьявілася новая стужка — перазьнятыя на відэа кінафільмы з удзелам культавага барда й актора Віктара Шалкевіча. Касэта зьмяшчае стужку Віктара Асьлюка пра парадоксы нацыянальнага адраджэньня "Сьлёзы блуднага сына" й мастацкі фільм Віктара Дашука "Салодкае пекла каханьня". У карціне Дашука Шалкевіч грае Вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, які кахаецца з Барбараю Радзівіл у інтэр'ерах Нясьвіскага й Мірскага замкаў.

Пад час канцэрту хору "Sonorus" і музыкаў ансамбля "Харошкі" ў касьцёле Сьвятога Роха адбыліся прэм'еры двух калядных твораў беларускіх кампазытараў. Вакальна-сымфанічная "Літанія" Станіслава Манюшкі напісаная на лацінскія тэксты паводле клясычных канонаў. Больш разнастайна гучыць кантата "Песьні на Божае Нараджэньне" Аляксандра Літвіноўскага. Гэты постмадэрновы твор, як і ранейшая кантата Літвіноўскага "Да Маці Божай", напісаны паводле беларускага малітоўніка, складзенага перакладчыкам Бібліі Адамам Станкевічам.

У Інстытуце праблемаў культуры прайшоў агульнанацыянальны сэмінар, прысьвечаны новай палітыцы дзяржавы ў дачыненьні сельскіх установаў культуры. У Беларусі сёньня налічваецца больш за 4.000 вясковых клюбаў. За часам Лукашэнкі ў найбяднейшых калгасах зачыніліся 600 установаў культуры. Аднак, сёлета ўлада спахапілася, што ў многіх вёсках няма дзе ладзіць паліт-інфармацыі ды сустрэчы дэпутатаў з выбаршчыкамі, і 28 клюбаў ужо аднавілі сваю дзейнасьць. Каб спрасьціць фінансаваньне, Міністэрства культуры рэкамэндуе аб'яднаць засталыя клюбы зь бібліятэкамі ды Дамамі рамёстваў. Пад час сэмінару былі абвешчаныя вынікі конкурсу на лепшы раённы Дом культуры. У намінацыі "разьвіцьцё народнае творчасьці і канцэртная дзейнасьць" перамог Дом культуры Асіповічаў.

Міністэрства адукацыі імкнецца задушыць празь нявыплату заробкаў падпарадкаваны яму Навукова-асьветны цэнтар імя Скарыны, зь якім супрацоўнічаюць многія прыхільнікі апазыцыі рэжыму Лукашэнкі. Сем навукоўцаў-сумяшчальнікаў ужо звольніліся. Вядомыя навукоўцы, што працуюць у Скарынаўскім цэнтры, зарабляюць менш за школьных настаўнікаў. Дырэктарка Цэнтру Любоў Уладыкоўская-Канаплянік, паводле ейных словаў, цэлы месяц штодня кленчыла перад міністрам адукацыі Васілём Стражавым, абяцала міжнародны скандал праз замежных беларусістаў і дамаглася толькі выплаты запазыкаў, фінансаваньне ж на наступны год дагэтуль застаецца пад пытаньнем. Любоў Уладыкоўская-Канаплянік пачала збор подпісаў пад лістом пратэсту ў UNESCO.

Каб крыху ўзьняць настрой беларусам, засмучоным эканамічнымі ды палітычнымі праблемамі, амбасада Італіі наладзіла ў кінатэатры "Піянэр" рэтраспэктыву камедыяў Рабэрта Бяніньні. Найбольш вядомы з гэтых фільмаў, які прынес рэжысэру Гран-пры Канскага фэстывалю й тры прэміі "Оскар", мае аптымістычную назву "Жыцьцё цудоўнае", хоць і распавядае пра фашыстоўскі канцлягер. Можна пагадзіцца з амбасадарам Італіі ў Беларусі Джаваньні Чаруці і аўтарам фільма Рабэрта Бяніньні: "Адзіны спосаб застацца чалавекам у краіне, якая зьехала з глузду — верыць у тое, што жыцьцё цудоўнае".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG