Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 сьнежня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Менску прыватныя прадпрымальнікі правялі акцыю пратэсту. На мітынгу, што адбыўся на пляцы Бангалёр, гандляры патрабавалі зьменаў на рэчавых рынках эканамічных парадкаў ды спыненьня адміністрацыйнага гвалту з боку дзяржаўных ворганаў.

Мітынг наладзілі Страйкавы камітэт і прафсаюзы прыватных прадпрымальнікаў. На заклік арганізатараў адгукнуліся звыш сотні гандляроў рэчавых рынкаў як са сталіцы, гэтак і зь іншых рэгіёнаў краіны. У руках яны трымалі плякаты: "Прадпрымальнікі — за дэмакратыю і мудрую эканамічную палітыку", "Спыніць рабаваньне прадпрымальнікаў!", "Мы людзі, а ня быдла!" ды іншыя.

Адкрываючы мітынг, старшыня страйкаму Валеры Леванеўскі абвясьціў прысутным, што дробны бізнэс Беларусі зараз знаходзіцца ў глыбокім заняпадзе. Гэтая драматычная тэндэнцыя абумоўленая эканамічнай палітыкаю ўладаў. Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Аляксандар Васільеў зьвярнуў увагу прысутных на намер уладаў зрабіць гэтую палітыку ў блізкай будучыні яшчэ больш жорсткаю.

Паводле словаў Васільева, такія пляны прывядуць беларускіх гандляроў да галечы. А вось што зазначыў нашаму радыё сябра страйкаму Ігар Намочанка:

(Намочанка: ) "Асноўная маса прадпрымальнікаў працуе зараз выключна на харчы. Скарачаюць свой бізнэс нават больш заможныя гандляры. Таму што кошт арэнды 1 квадратнага мэтра гандлёвае плошчы на рынках даходзіць да 100 даляраў. У выніку скарачэньня застаюцца бяз працы людзі, якія рэалізоўвалі тавары. Апроч таго, гандляры мусяць даваць са сваіх невялікіх прыбыткаў хабар шматлікім кантралёрам. Таму беларускія прадпрымальнікі жывуць сёньня ня лепш, чым астатнія жыхары", — зазначыў менскі прадпрымальнік Ігар Намочанка.

Як прагучэла на мітынгу, 23 лістапада пратэст супраць такое палітыкі згуртаваў больш як 100 тысячаў айчынных прадпрымальнікаў. У дзясятках гарадоў краіны яны правялі аднадзённы страйк.

Між тым, улады да сёньняшняга дня не адрэагавалі на гэтыя пратэсты. Таму ўдзельнікі мітынгу высунулі шэраг патрабаванняў да ўладаў, без выкананьня якіх, на думку гандляроў, нельга спадзявацца на паляпшэньне сытуацыі. Найперш, яны працягваюць дамагацца скасаваньня мытаў і падаткаў на тавары трэціх краінаў, што ўвозяцца ў Беларусь з тэрыторыі Расеі.

Прадпрымальніцкі пратэст скіраваны таксама на неадкладнае зьмяншэньне падатковых збораў ды арэндных плацяжоў, якія ва ўмовах нізкіх даходаў робяць дробны бізнэс безпэрспэктыўнай справаю.

Нарэшце, гандляры настойваюць, каб Беларусь пазбавілася ганебнага кляйма няпраўнае дзяржавы, дзе прадпрымальніцкія тавары канфіскуюцца не судовымі выракамі, а воляю кантралёраў і міліцыянтаў. Калі гэтага не адбудзецца ў блізкім часе, дык, як прагучэла на мітынгу, прадпрымальнікі абвесьцяць зь 1 студзеня ўжо 5-дзённы страйк.

На думку ж прадстаўнікоў рэгіёнаў, страйкаваць трэба ня менш як два тыдні. Гаворыць прафсаюзны лідэр слуцкіх прадпрымальнікаў Сафія Міцяшова:

(Міцяшова: ) "На маю думку, страйк на пяць дзён – гэта няправільна, таму што для кожнага малога гораду Беларусі не пакладзеныя падаткі будуць мець вельмі вялікае значэньне. Яны застаюцца ў кожным горадзе – і аплата арэнды… Думка рэгіёнаў, каб ня толькі не пакласьці падаткі, але і каб улады адчулі, што трэба ўзяць меншыя падаткі, і тады сытуацыя будзе лепшаю для ўсіх нас. Вось такая мая думка,"

— зазначыла прадпрымальніца са Слуцку Сафія Міцяшова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG