Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

У гарадох Эўропы і Амэрыкі цяпер пануе перадсьвяточны настрой — вуліцы й пляцы зьзяюць калядным убраньнем, людзі наведваюць крамы й выбіраюць падарункі на сьвяточных кірмашох. Ці далучыліся да перадсьвяточных клопатаў менчукі? Калі меркаваць па вонкаваму выгляду сталіцы — не. У Менску, як і ў савецкі час, сьвяточная ілюмінацыя і навагоднія елкі зьяўляюцца толькі ў апошнія дні сьнежня. Нашая карэспандэнтка прайшлася па менскіх кірмашох і крамах і паглядзела, як людзі рыхтуюцца да сьвятаў.

Перадсьвяточная атмасфэра ў Менску цяпер адчуваецца, напэўна, толькі ў крамах. Гандляры добра падрыхтаваліся, і зараз кожная крама блішчыць і зьзяе сьвяточным убраньнем. На Камароўскім кірмашу амаль на кожным латку невялікая штучная елка, і нават каўбасныя боханы ўпрыгожаныя гірляндамі.

Але вуліцы Менску па-ранейшаму шэрыя і яшчэ не набылі перадсьвяточнае аблічча. Дагэтуль няма ў горадзе галоўнай елкі, яе плянуюць усталяваць ля Палацу Рэспублікі толькі 23 сьнежня. Гэта старая савецкая завядзёнка — тады са сьвяточным убраньнем цягнулі да апошніх дзён сьнежня, каб падкрэсьліць, што сьвяткуюць не Каляды, а выключна "Новы год".

Дарэчы, нават у праваслаўнай Маскве галоўная елка стаіць ужо некалькі тыдняў. Вось як тлумачыць гэтае, так бы мовіць, "спазьненьне" кіраўнік прэсавага цэнтру Менскага гарадзкога выканкаму Алена Аўрынская:

(Аўрынская: ) "Няма пакуль такой традыцыі – ставіць раней, але я думаю, што з цягам часу яна будзе, так што нагледзеліся мы, як гэта робіцца ў людзей. На плошчы перад палацам будзе стаяць самая вялікая елка (больш за 20 мэтраў). Ведаю, што там для яе плошчу калупаюць, таму што трэба яма два мэтры ў глыбіню, каб яна стаяла".

Зазначыла Алена Аўрынская.

Між іншым, перад Камароўскім кірмашом вялікая яліна ўжо ўсталяваная. Але мала хто з наведнікаў Камароўкі мае перадсьвяточную "пакупніцкую ліхаманку" — людзям цяпер не да пошуку падарункаў, бо мала грошай. Гаворыць пэнсіянэрка спадарыня Галіна, якая прышла на кірмаш пашукаць танных харчоў:

(Сп. Галіна: ) "Я, напрыклад, не шукаю падарункаў, бо няма за што. Пэнсіі хапае толькі на хлеб і малако, да яшчэ за кватэру заплаціць. Можа, торт сьпяку да сьвята. Новы год ня буду сьвяткаваць, але Каляды — абавязкова. Я ўжо нешта падрыхтавала для каляднага стала. Ён мне абыйдзецца ў 3-5 тысячаў. Віно зрабіла свае, добра што ёсьць лецішча. Апошнім часам я прыйшла да Бога, цяпер трымаюся пасту, таму й здолела крыху ашчадзіць да сьвятаў", — распавяла пэнсіянэрка спадарыня Галіна.

А што да тых, хто працуе, дык яны таксама не плянуюць маштабных сьвяткаваньняў і робяць сваякам досыць сьціплыя падарункі. Я знаходжуся ў выстаўным цэнтры "Імпульс", ля стэнду зь елачнымі ўпрыгожаньнямі. Мая суразмоўца — Марыя Грушко:

(Грушко: ) "Падарункаў трэба, але невялікія…Так, да 20 тысяч на ўсю сям'ю. Якія-небудзь навагоднія сувэніры, упрыгожваньні для дома, для сябе, можа сьвечкі дэкаратыўныя…"

Гаворыць Марыя Грушко.

Як паведаміла мне дзяўчына, што гандлюе елачнымі ўпрыгожаньнямі, пакупніцкая актыўнасьць пакуль вельмі нізкая, асабліва ў параўнаньні зь мінулым годам. Людзі, у бальшыні, ходзяць з нататнікам і асадкаю — запісваюць кошты, параўноўваюць, дзе таньней, але купляюць пакуль мала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG