Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сьнежня 2000 г.


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты

Агляд чарговага нумару штотыднёвіка "Рабочы".

Першая старонка штотыднёвіка "Рабочы", што выходзіць на Беларусі, знаёміць чытача з тым, як адзначаўся ў краіне чарговы Дзень правоў чалавека. 10 сьнежня па цэнтральнай вуліцы Мінска – праспэкце Скарыны – прагульваліся жыхары сталіцы ў белай вопратцы, на якой былі зьмешчаныя выявы вядомых людзей, якія ў апошнія часы зьніклі бяз вестак. Побач з партрэтамі выразна чытаўся надпіс "Дзе ён?". Газэта зьмяшчае фотаздымкі і тэкстоўку аб тым, што ў сталіцы і некаторых іншых гарадах акцыя прайшла спакойна. Але ж, па зьвестках, у Брэсьце, Барысаве, Віцебску міліцянты перашкаджалі правядзеньню акцый.

Традыцыйная дыяграма паказвае дынаміку зьніжэньня заробкаў працаўнікоў адукацыйнай галіны нашай краіны ў дачыненьні да сярэдніх заробкаў у прамысловасьці. Тэму пра стан спраў з матэрыльным забесьпячэньнем супрацоўнікаў вучэбных устаноў працягвае шостая старонка "Мая краіна", дзе зьмешчаны матэрыялы прэс-канфэрэнцыі лідэраў прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Прафсаюзныя актывісты лічаць, што калі ўрад у хуткім часе не даб'ецца паляпшэньня стану ў адукацыі, пэдагогі і тэхнічныя работнікі навучальных устаноў будуць вымушаныя ўзяць удзел у страйку. Але міністар адукацыі Васіль Стражаў, які прысутнічаў на прэс-канфэрэнцыі, не падзяляе гэтых поглядаў. Тым ня менш, пад Зваротам, у якім работнікі сыстэмы адукацыі патрабуюць ад ураду Беларусі выкананьня Закона "Аб адукацыі", дзяржаўнай праграмы "Настаўнік" і абяцаньняў, якія даў на ІІІ зьезьдзе галіновага прафсаюза віцэ-прэм'ер Уладзімер Замяталін, сабрана ўжо каля 170 тысяч подпісаў. Патрабаваньні, такім чанам, падтрымаў кожны другі супрацоўнік сыстэмы адукацыі.

Пра пасьпяховую акцыю, непасрэднае дачыненьне да якой мае газэта "Рабочы", распавядае старонка "Маё права". Гаворка ідзе пра тое, што некалькіх жыхароў Беларусі па афіцыйнай аб'яве ў газеце "Труд и рынок" завербаваліся на расейскую поўнач на заробкі. Але ўмовы, з якімі сустрэліся вахтавікі на будаўніцтве Вілюйскай электрастанцыі, аказаліся невыноснымі. Ніхто там не зьбіраўся выконваць абяцанае. Мужчыны вымушаныя былі аб'явіць галадоўку, каб дабіцца вяртаньня дамоў. Але ж невядома, чым бы зкончылася галадоўка, каб не перадалі яны зьвесткі пра стан уласных спраў на радзіму. Жанчыны – жонкі і маці – паспрабавалі зьвярнуцца па дапамогу да грамадзкасьці, але факс, які яны даслалі ў рэдакцыі многіх СМІ, цяжка было прачытаць. І толькі "Рабочы" зацікавіўся, у чым тут справа… Потым жанчыны прыехалі ў Менск, правялі пікет каля расейскай амбасады, дабіліся прыцягненьня ўвагі да сваёй праблемы. У рэшце рэшт блізкія ім людзі зараз вярнуліся.

Госьць чацвертай старонкі "Рабочага" – цікавы чалавек, які прыняў на сябе абавязак зьбіраць і захоўваць разнастайныя дакумэнты і фотаздымкі, якія можна лічыць яскравымі сьведкамі часу. Фатограф, мастак, літапісец эпохі – Уладзімер Кармілкін.

На тэматычнай паласе "Кашалёк" вядомы эканаміст, кандыдат навук Натальля Пракоф'ева камэнтуе бытавыя эканамічныя сытуацыі, зь якімі штодзенна на практыцы сутыкаецца большасьць жыхароў Рэспублікі Беларусь.

Увагу тых, хто любіць рабіць гістарычныя параўнаньні, зацікавіць артыкул "Глыток абхазкай кавы" на сёмай старонцы "Мой сусьвет". Успаміны і аповед намесьніка старшыні БНФ Вячаслава Сіўчыка запісаў карэспандэнт "Рабочага" Сяргей Манастырскі.

І, нарэшце, "Мой выхадны". На апошняй старонцы ў традыцыйнам "Беларускім календары" – славуты ўладар Вялікага Княства Літоўскага Вітаўт, якому сёлета спаўняецца 650 гадоў. Побач – цікавая інфармацыя пра удзел беларускіх спартоўцаў у чэмпіянце сьвету па танцах івалідаў-калясачнікаў. Нашыя ўдзельнікі дабіліся там значных вынікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG