Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сьнежня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

(эфір 13 сьнежня)
Паводле правілаў, сялянам, якія вырошчваюць на ўласных падворках жывёлу альбо садавіну ці гародніну ды хочуць гэта прадаць, неабходна атрымаць у сельсавеце адмысловую даведку, за якую трэба плаціць. Прычым у кожным раёне памер аплаты самастойна вызначае раённы Савет дэпутатаў. Некаторыя жыхары Янаўскага раёну, у якім гэтая даведка найдаражэйшая, незадаволеныя гэтым паборам ды хочуць абскардзіць рашэньне мясцовых уладаў праз суд.

Каб атрымаць даведку з доўгай назвай "Аб пацьвяржэньні права ўласнасьці на прадукцыю, вырашчаную фізычнымі асобамі ў асабістай падсобнай гаспадарцы або садаводчым таварыстве", без якой селяніну прадаць свае прадукты немагчыма, жыхары Янаўскага раёну мусяць плаціць у сельсавеце 3 600 рублёў – адзін мінімальны заробак, грошы дзеля вяскоўцаў немалыя. Толькі каб акупіць даведку, селянін мусіць, прыкладам, буракоў здаць больш за 100 кіляграмаў.

Цікава, што ў суседнім Солінскім раёне такая ж даведка каштуе 720 рублёў, а ў Пінскім каля 400 ці амаль у 10 разоў таньней.

Рашэньне № 51 пра кошт даведкі было прынятае Янаўскім раённым Саветам дэпутатаў яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня. А на пачатку жніўня раённая пракуратура прызнала гэтае рашэньне незаконным і адмяніла яго, аб чым было паведамлена праз раённую газэту. У адказ, каб пазьбегнуць непрыемнасьцяў, раённы Савет дэпутатаў даручыў уласна сельсаветам прыняць адпаведныя рашэньні ды працягваць зьбіраць грошы.

Пракурор Іванаўскага раёну Уладзімер Шаўчук пацьвердзіў нашаму радыё, што гэткія рашэньні незаконныя ды назваў памер кошту даведкі "зьдзекам". Паводле спадара Шаўчука, мясцовыя ўлады кіруюцца вусным распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі, які параіў ім самастойна шукаць шляхі папаўненьня мясцовых бюджэтаў. Пракурор паабяцаў, што ў часе разгляду бюджэту на наступны год дэпутаты прымуць рашэньне аб значным абніжэньні кошту даведкі, інакш пракуратура будзе дзейнічаць больш рашуча.

А тым часам, паводле нашых зьвестак, ужо зараз некаторыя жыхары раёну зьбіраюцца дабівацца адмены незаконных пабораў праз суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG