Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Старшыня Дзяржаўнага камітэту занятасьці насельніцтва Зьміцер Ванееў лічыць, што сытуацыя на рынку працы стабілізавалася, а колькасьць беспрацоўных у Беларусі складае ўсяго каля 97 тысячаў чалавек. Аднак, на думку незалежных спэцыялістаў, сапраўдная сытуцыя на рынку працы далёкая ад ідэальнай.

Кіраўнік камітэту занятасьці насельнікаў Міністэрства працы Зьміцер Ванееў у часе сёньняшняе прэсавае канфэрэнцыі паведаміў, што на 1 сьнежня ў Беларусі было зарэгістравана каля 97 тысячаў безпрацоўных. Шэф камітэту ганарыцца гэтым паказьнікам і параўноўвае яго зь лічбаю 1994 году, калі ў краіне было зарэгістравана больш 300 тысячаў безпрацоўных. Праўда, пры гэтым Зьміцер Ванееў прызнаўся, што сёлета ў цэнтры занятасьці зьвярнулася на 5% безпрацоўных больш, чым летась.

Бальшыня сярод афіцыйна зарэгістраваных безпрацоўных — жанчыны й моладзь, у якой, на думку супрацоўнікаў камітэту, надта вялікія запатрабаваньні. Маўляў, ня хочуць працаваць на непрэстыжных і малааплочваемых месцах.

Гаворыць Зьміцер Ванееў:

"Ёсьць частка людзей, якія не зьвяртаюцца ў дзяржаўную службу занятасьці. Нехта працуе на рынку, нехта на ўласнай гаспадарцы — і не зьвяртаюцца. Можа, з аднаго боку, нехта ня верыць, што дзяржаўная служба можа дапамагчы й прадаставіць нейкія вакансіі. Зь іншага боку такая практыка існуе ва ўсім сьвеце. Мы правялі дасьледваньне ў двух абласьцях і ў Менску. Атрымалі лічбу ад 5 да 8% такіх людзей, якія б хацелі працаваць, але не зьвярталіся ў дзяржаўную службу занятасьці", — паведаміў спадар Ванееў.

Нямала ёсьць і тых, хто не становяцца на ўлік, бо іх не задавальняе памер дапамогі ў безпрацоўі (трохі больш за 4 тысячы рублёў), ці абавязковыя грамадзкія работы паводле дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі. Зьміцер Ванееў не разумее, чаму людзі ня хочуць працаваць на грамадзкіх работах, дзе паводле ягоных словаў, можна зарабіць да 2 тысячаў рублёў у дзень, а, па-другое, атрымаць маральнае ды эстэтычнае задавальненьне, прыбіраючы, напрыклад, Батанічны сад ці могілкі.

Былы міністар працы, намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Аляксандар Сасноў гаворыць, што рэальна безпрацоўных у Беларусі цяпер налічваецца каля 500 тысячаў. Яшчэ паўтары мільёны — гэта тыя, хто занятыя няпоўны працоўны дзень ці тыдзень, і яны, на думку спадара Саснова, фактычна таксама зьяўляюцца безпрацоўнымі. Былы міністар лічыць, што бальшыня безпрацоўных ня хоча атрымліваць мізэрную дапамогу, ці працаваць на прымусовых грамадзкіх работах.

Аляксандар Сасноў працягвае:

(Сасноў: ) "Бамжы з задавальненьнем ідуць на гэтыя работы, бо там ёсьць з кім пагаварыць, ёсьць магчымасьць зарабіць, і ёсьць магчымасьць выпіць. А цывілізаваны чалавек ня вельмі любіць такога кшталту працу, і тыя заробкі, што там ёсьць, яго не задавальняюць. Беспрацоўе не такое вялікае, як можа быць, напрыклад, як некалі было ў Партугаліі, калі яна пераходзіла ад дыктатуры да нармальнага разьвіцьця. Але яно вельмі значнае".

Лічыць спадар Сасноў.

На ягоную думку, уладам трэба неадкладна пачынаць эканамічныя рэформы й падтрымліваць бізнэс, каб безпрацоўныя знайшлі працу. У іншым выпадку рост безпрацоўя ў Беларусі можа прывесьці да сацыяльнага выбуху.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG