Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Амэрыканская амбасада ў Менску дагэтуль не дачакалася адказу ад Беларускае тэлевізіі на свой заклік абвергнуць "суцэльную хлусьню" пра колішняга амбасадара Дэніэла Спэкгарда, які нібыта прапаноўваў увесьці санкцыі супраць Беларусі ды выключыць яе з АБСЭ. Аляксандар Лукашэнка таксама ніяк не рэагуе на гэтую сытуацыю.

Абвержаньне амбасадаю ЗША паведамленьняў у тэлепраграмах "Панарама" ды "Рэзананс" пакуль не атрымала ніякае рэакцыі ад Беларускае тэлевізіі, хаця яна спыніла ці прыпыніла атакі на Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску ды былога амэрыканскага амбасадара Дэніэла Спэкгарда, які цяпер працуе ў штаб-кватэры NATO ў Брусэлі.

Сытуацыя з абвінавачваньнямі на адрас спадара Спэкгарда вельмі нагадвае апошні скандал зь іншым супрацоўнікам NATO Джэмі Шэа. Маскоўская газэта "КоммерсантЪ" напісала, што той казаў пра мажлівае фінансаваньне Захадам беларускай апазыцыі. Спадар Шэа даслаў ліст з абвержаньнем амбасадару Беларусі ў Брусэлі, і адразу ў Менску Міністэрства замежных справаў склікала тэрміновы брыфінг, дзе цалкам агучыла ліст з Брусэлю ды назвала публікацыю ў газэце "КоммерсантЪ" сапраўднай правакацыяй.

Цяпер у ролі "КоммерсантЪ'а" выступіла дзяржаўная тэлевізія Беларусі, але газэтны артыкул у Маскве нельга параўнаць з тымі тэлевізійнымі магутнасьцямі ў Менску, што былі задзейнічаныя дзеля атакі на заходніх дыпляматаў. Аднак Міністэрства замежных справаў вуснамі свайго прэсавага сакратара Паўла Латушкі кажа, што дыпляматычнае ведамства не плянуе выклікаць да сябе кіраўніка КНГ АБСЭ Ганса-Георга Віка, чаго патрабавала Беларуская тэлевізія, але сустрэча міністра замежных справаў Міхала Хвастова са спадаром Вікам адбудзецца — праз зацікаўленасьць абодвух бакоў.

Як паведаміў мне Мікола Барысевіч, прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі, на сёньняшняй нарадзе ў адміністрацыі пра разьвіцьцё дзяржаўнае тэлевізіі ды радыё не разглядалася пытаньне пра апошнія тэлеатакі на Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ды былога амбасадара ЗША ў Менску. Магчыма, спадар Лукашэнка не глядзеў тэлевізар у апошні ўікэнд, які ўжо дасьціпна называюць у Менску "Вік-эндам", маючы на ўвазе амбасадара Віка. Або Аляксандар Лукашэнка застаўся задаволены ўбачаным.

Вось што сказаў мне ягоны прэсавы сакратар Мікола Барысевіч:

(Барысевіч: ) "Я нікому не тлумачыў, гэта тлумачыў прэзыдэнт, і тлумачыў гэта Хвастоў. Тэма гэта ўжо ня новая. Хвастоў ужо казаў пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі. Пазыцыя так хутка не зьмяняецца".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG