Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 2000 г.


Ірына Курапаткіна, Вашынгтон

Учора ўвечары Вярхоўны суд ЗША пастанавіў, што рашэньне Вярхоўнага суду Флярыды пра аднаўленьне ручнога пераліку галасоў ня цалкам адпавядала канстытуцыі ЗША і павінна быць адмененае. Гэтае рашэньне, фактычна, паклала канец спадзяваньням Альбэрта Гора на перамогу. Перадае наш вашынгтонскі карэспандэнт.

Паводле рашэньня Вярхоўнага суду, сваім папярэднім рашэньнем Вярхоўны суд Флярыды запусьціў у дзеяньне працэс, які ня мог быць завершаны да 12-й гадзіны 12 сьнежня, то бок, паводле закону, выбаршчыкі ад штату Флярыда павінны быць прызначаныя 12 сьнежня, што ў выпадку ручнога пераліку галасоў зрабіць было немагчыма. Запатрабаваўшы ручнога пераліку, Вярхоўны суд Флярыды выйшаў за межы свайёй юрысдыкцыі.

Нагадаю, што ўпершыню слова "перападлік" прагучала адразу пасьля галасаваньня ў штаце Флярыда. Пяць тыдняў таму розьніца ў галасах выбарчшыкаў паміж кандыдатамі склала менш за адзін адсотак, што, паводлое закону штату, аўтаматычна патрабуе пераліку галасоў. Паводле аўтаматычнага падліку разрыў паміж кандыдатамі скараціўся. Тады Альбэр Гор запатрабаваў ручнога пераліку 40 тысячаў бюлетэняў, якія былі адрынутыя машынай пад час аўтаматычнага перападліку. Джордж Буш-малодшы выступіў супраць. Такім чынам барацьба з палітычнага поля была перанесеная ў судовую залю.

Паводле меркаваньня палітыкаў і экспэртаў, рашэньне, што прыняў Вярхоўны Суд ЗША, вырашае спрэчку на карысьць Джорджа Буша-малодшага, кандыдата ад рэспубліканцаў – ён атрымае 25 галасоў выбаршчыкаў ад штату Флярыда і 271 голас у калегіі выбаршыкаў, што пакідае Альбэрту Гору 267 галасоў у калегіі і невялікую перамогу ў наўпроставым галасаваньні.

Некаторыя прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ЗША заклікалі да далейшай барацьбы цяпер ужо праз спробы паўплываць на двух выбаршчыкаў, каб яны прагаласавалі за іншага кандыдата. Але Альбэрт Гор і яго паплечнік Джо Лібэрман зазначылі раней, што будуць з павагай ставіцца да судовага рашэньня і дзейнічаць у адпаведнасьці з працэдурай, азначанай у законе.

18 сьнежня выбаршчыкі ў сталіцах сваіх штатаў павінны прагаласаваць за таго ці іншага кандыдата, 6 студзеня вынікі гэтага галасаваньня будуць абвешчаныя ў Кангрэсе, а 20 студзеня апоўдні цяперашні прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, паводле канстытуцыі, павінен скласьці свае паўнамоцтвы. Выбары 43-га прэзыдэнта Злучаных Штатаў, безумоўна, увайшлі ў гісторыю як самыя складаныя. Падзеі апошняга месяца будуць вывучаць гісторыкі, юрысты, палітолягі, гэтак жа як неаднаразова будзе перачытанае кожнае слова і кожнае асобнае меркаваньне судзьдзяў у рашэньні Вярхоўнага суду ЗША.

Гэтае рашэньне, фактычна, паставіла кропку ў спрэчцы за прэзыдэнцкае крэсла, а таксама распачало новы раўнд дыскусіяў пра настпуныя чатыры гады – наколькі складаным стане гэтае прэзыдэнцтва, ці здолее Джордж Буш-малодшы аб'яднаць падзеленае грамадзтва, ажыцьцявіць заплянаваныя праграмы, ці будзе ён здольны супрацоўнічаць і ісьці на кампраміс з Кангрэсам, дзе рэспубліканцы ня маюць неабходнай большасьці для прыняцьця значных рашэньняў, ці атрымаецца дэмакратам атрымаць большасьць у Кангрэсе праз два гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG