Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 сьнежня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Беларусь застаецца малапрыцягальнай краінаю для ўцекачоў. Паводле зьвестак Камітэту ў справах міграцыі, на 1 сьнежня 2000 года статус уцекачоў у Беларусі атрымалі 448 чалавек. Затое адзначаны прыкметны рост працоўнай эміграцыі зь Беларусі.

У папярэднія гады да 90% зваротаў на атрыманьне статуса ўцекача ў межах Беларусі прыходзілася на Менск. Сёлета, пасьля пэўных зьменаў у заканадаўстве, сталіца фактычна стала зачыненым для ўцекачоў горадам. Гаворыць кіраўнік міграцыйнае службы камітэту працы Менскага гарадзкога выканкаму Тацяна Тумашык:

"Пачынаючы з гэтага году мы працуем толькі з тымі замежнымі грамадзянамі, якія законна прыбываюць на тэрыторыю Менску, або хто быў затрыманы міліцыяй. Усе, хто нелегальна прыбываюць, маюць права зьвярнуцца ў любую абласную міграцыйную службу", — паведаміла Тацяна Тумашык.

Афіцыйна прызнаныя ўцекачы ў Беларусі атрымліваюць тыя ж сацыяльна-эканамічныя правы, што й беларускія грамадзяне, — на працу, адукацыю, атрыманьне мэдычнае дапамогі. Яны могуць атрымаць аднаразовую грашовую дапамогу ў памеры 1 мінімальнага заробку на чальца сям'і, а ў выпадку асаблівае патрэбы — па 2 й 4 мінімальных заробкі на харчаваньне і адзеньне.

На 2000 год урадам была ўстаноўленая квота на расьсяленьне ўцекачоў — 100 мейсцаў, але зноў жа, гэтая квота ня тычыцца Менску. Тым ня менш, у Менску на сёньня знаходзіцца каля дзьвюх трацінаў усіх уцекачоў. Многія зь іх знайшлі сабе працу на буйных рынках. Пераважна гэта грамадзяне Аўганістану, Грузіі, іншых краінаў СНД.

Нельга сказаць, што Беларусь надта прыцягальная для ўцекачоў. У краіне статус уцекача атрымала 448 чалавек, зь іх у Менску — 287. Яшчэ 154 заявы разглядаюцца. Паводле падлікаў беларускага прадстаўніцтва Ўправы вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў па атрыманьне статусу ўцекача ў Беларусі магла б зьвярнуцца значна большая колькасьць людзей — да 2900 чалавек. Але за час працы беларускае міграцыйнае службы з заявамі па атрыманьне такога статусу зьвярнулася толькі каля 800 чалавек. Чаму? Гаворыць супрацоўніца камітэту ў справах міграцыі Міністэрства працы Людміла Серыкава:

"Наш закон крыху ўшчамляе магчымасьць для атрыманьня статусу ўцекача, бо мы яшчэ не зьяўляемся ўдзельнікамі Міжнароднае канвэнцыі ў гэтай справе. Мы, напрыклад, тым, хто прыехаў да нас праз Расею, як правіла адмаўляем, бо яны маглі атрымаць статус уцекача і ў Расеі…

Сапраўды, атрымаць статус уцекача ў Рэспубліцы Беларусь афіцыйна жадаюць нямногія. Часта нелегальныя мігранты карыстаюцца гэтай магчымасьцю, каб паехаць далей у Заходнюю Эўропу", — адзначыла супрацоўніца камітэту ў справах міграцыі Людміла Серыкава.

У апошні час уцекачы зь мейсцаў вайсковых канфліктаў зьявіліся ў чарнобыльскай зоне. У Камітэце ў справах міграцыі ведаюць пра гэта, але статыстыкаю не валодаюць. Прадстаўніцтва Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў у Беларусі мае намер у бліжэйшы час правесьці дасьледаваньне ў міграцыйнай сытуацыі ў Чарнобыльскай зоне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG