Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 сьнежня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Карыстацца менскім мэтро становіцца ўсё больш небясьпечна. Пра гэта сьведчаць выпадкі апошняга месяцу, якія многімі жыхарамі сталіцы ўспрымаюцца як аварыіі. Між тым кіраўніцтва мэтрапалітэну заяўляе, што людзі перабольшваюць небясьпеку і трымае ў сакрэце абставіны апошніх здарэньняў.

Сёньня кіраўніцтва менскага мэтрапалітэну, выконваючы ранейшае абяцаньне, агалосіла прычыны нядаўняга здарэньня, калі на чатырнаццаць хвілінаў быў спынены рух цягнікоў на першай лініі мэтро. Праўда, як і ў ранейшых выпадках, канкрэтныя прычыны не называліся.

Першы намесьнік начальніка менскага мэтро Аляксандар Ерын сказаў, што 6 сьнежня здарэньне адбылося з тэхнічных прычынаў. Спадар Ерын ўвогуле лічыць, што гэтае здарэньне ня вартае ўвагі журналістаў, бо ніхто не пацярпеў.

Удакладніць тэхнічную няспраўнасьць першы намесьнік начальніка мэтро адмовіўся. На тэхнічныя акалічнасьці спаслаўся спадар Ерын і калі гаварыў пра другі, больш гучны інцыдэнт, калі 2 сьнежня пад час руху адчыніліся дзьверы цягніка. Паводле афіцыйных паведамленьняў, дзьверы адчыніліся толькі ў сярэднім вагоне электрычкі, аднак ёсьць сьведкі, якія сьцьвярджаюць , што гэта адбылося і ў першым вагоне…

Жыхарка Менску Ірына Маркоўка распавядвае:

(Маркоўка: ) "Я ехала на працу, была субота, недзе 12:15. Ну і недзе на сярэдзіне перагону адчыніліся гэтыя дзьверы. Я ня ведаю, ці толькі ва ўсім цягніку адкрыліся, ці толькі ў першым вагоне, але я была ў першым. Людзей было няшмат у вагоне, таму людзі адразу не зразумелі, што здарылася. Я сама толькі потым усьвядоміла, што магло б быць, каб гэта быў звычайны працоўны дзень, і каб гэта была гадзіна пік. Людзі б вылецелі з вагону…"

Гэта казала Ірына Маркоўка, якая 2 сьнежня знаходзілася ў цягніку, у якім самі адчыніліся дзьверы. Цяпер жанчына раіць усім пасажырам мэтро не станавіцца блізу дзьвярэй і ўвогуле не садзіцца ў перапоўнены вагон.

Аднак дзе ж узяць гэтыя неперапоўненыя вагоны? Сёньня менскае мэтро абслугоўвае за дзень 780 тысячаў пасажыраў. На лініях працуе 31 цягнік: 14 на першай лініі і 17 — на другой. Але вагонаў катастрафічна не хапае. Ужо ня толькі ў сама розрух, але і ў звычайны час у менскім мэтро цісканіна, што, паводле думкі адмыслоўцаў, не спрыяе бясьпецы й камфорту пасажыраў.

Менскаму мэтро патрэбны яшчэ ня менш васьмі цягнікоў, але набыць іх не магчыма, бо не хапае грошай. Адзін вагон мэтро каштуе блізу 250 тысячаў даляраў, такім чынам цягнік — мільён. У гэтым годзе зь вялікімі цяжкасьцямі кіраўніцтва знайшло грошы на закупку толькі двух цягнікоў, але яны фактычна пайшлі на замену вагонам, якія ўжо выпрацавалі свой рэсурс.

Немагчымасьць своечасова абнаўляць парк вагонаў, безумоўна, пагаршае бясьпеку руху, прызнаюць кіраўнікі мэтро, але яны сьцьвярджаюць, што падвышэньнем патрабаваньняў да тэхнічнага стану цягнікоў гэтая небясьпека кампэнсуецца.

Між тым статыстыка здарэньняў сьцьвярджае, што супакойвацца няма падставаў. Толькі за апошнія два месяцы ў менскім мэтро адбылося тры здарэньні. Акрамя двух, пра якія я распавёў, было прыпыненьне руху таксама на 15 хвілінаў яшчэ й 25 кастрычніка. Прычыны гэтага здарэньня таксама засталіся невядомымі. І тады таксама, каб супакоіць грамадзкасьць, кіраўніцтва мэтро схавалася за няпэўную фармулёўку "тэхнічная няспраўнасьць".

А яшчэ жыхары гораду памятаюць пра інцыдэнт мінулым летам, калі ў спыніўшыхся цягніках на дваццаць хвілінаў пагасла сьвятло. Магла б адбыцца й трагедыя, калі б нехта паспрабаваў самастойна выбірацца зь цягнікоў — лічаць адмыслоўцы.

За 16 гадоў працы менскага мэтро ў ім не было аварыяў ці катастрофаў з чалавечымі ахвярамі. Аднак гэта не азначае, што жыхары гораду гарантаваныя і ў будучыні ад здарэньняў. Не выклікае сумневу, што менчукі маюць права на дакладную інфармацыю пра тое, што, калі й зь якіх прычынаў здараецца на лініях мэтро.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG