Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 9 сьнежня)
Навіны культуры мінулага тыдня.

У бліжэйшыя дні мае адбыцца прызначэньне новага міністра культуры замест Аляксандра Сасноўскага, звольненага Лукашэнкам з нагоды фінансавага скандалу вакол беларуска-расейскага кінафільму "У жніўні 44-га". Супрацоўнікі апарату Міністэрства культуры чакаюць, што ў панядзелак ім будзе прадстаўлены новы міністар Леанід Гуляка, які ўжо займаў пасаду намесьніка міністра культуры ва ўрадзе Кебіча, а ў цяперашнім урадзе курыраваў праблемы сацыяльнае сфэры, у тым ліку культуру.

Упершыню за апошнія гады ў Менск на адкрыцьцё сваёй выставы прыехаў буйны эўрапейскі мастак — былы рэктар мастацкай акадэміі Мюнстэра Уда Шэль. Адмыслова дзеля ягонай выставы ў Музэі сучаснага мастацтва за тры дні зрабілі рамонт, але ўсё адно плошчаў не хапіла і частку экспазыцыі давялося разгарнуць у музэі Беларускай акадэміі мастацтваў. Уда Шэль шмат зрабіў для пашырэньня творчых кантактаў беларускіх мастакоў зь нямецкімі. Дзякуючы яму ўжо пяць гадоў Беларуская і Мюнстэрская акадэміі мастацтваў абменьваюцца ня толькі выставамі, але й студэнтамі і выкладчыкамі.

Літаратурны музэй Янкі Купалы падпісаў дамову пра супрацоўніцтва зь ільвоўскім музэям клясыка ўкраінскае літаратуры Івана Франко. Дамова прадугледжвае абмен выставамі, стажыроўкі супрацоўнікаў, пасярэдніцкія паслугі ў пошуках новых экспанатаў. На подзе падобных пагадненьняў Купалаўскі музэй ужо стала супрацоўнічае зь віленскім муніцыпальным музэям імя Пушкіна і лёнданскім музэям Чарльза Дыкенса, а цяпер рыхтуе дамову з музэям Людавіта Штура ў Славаччыне, дзе Купала не аднойчы бываў і меў шмат добрых знаёмых.

У Палацы мастацтваў адчынілася фотавыстава вядомага архітэктара Армэна Сардарава, аўтара знаку "Пачатак дарог Беларусі" на Цэнтральнай плошчы сталіцы. Выстава "Дарогі роднай Беларусі" паказвае наш край як вялікую транзытную дзяржаву. Аўтар нагадвае, што ў Статутах Вялікага Княства Літоўскага меўся цэлы шэраг законаў пра дарожнае будаўніцтва, дый сама беларуская цывілізацыя пачалася з дарогі — зь вялікага шляху "з Варагаў у Грэкі". Сёньня даўжыня беларускіх аўтамабільных дарог складае 66 тысячаў кілямэтраў: у пераліку на колькасьць жыхароў гэта 12-ае месца ў Эўропе.

У літаратуры гэты тыдзень быў тыдням Алеся Разанава — найбольш вядомага з нашых сучасных паэтаў, творы якога перакладзеныя амаль на ўсе эўрапейскія мовы. У Беларускім калегіюме адбылася прэзэнтацыя кнігі Разанава "Гліна. Камень. Жалеза", якая толькі што выйшла ў Беластоку на грошы польскага Міністэрства культуры і нацыянальнае спадчыны (у беларускім дзяржаўным выдавецтве рукапіс кнігі ляжаў бы яшчэ некалькі гадоў). На гэтым жа тыдні менскі Інстытут Гётэ наладзіў прэзэнтацыю кнігі трох сучасных нямецкіх паэтаў "Кропка. Кропка. Працяжнік", якую Алесь Разанаў пераклаў на беларускую мову. Вечарына нямецкай і беларускай паэзіі з удзелам аўтараў зборніку, а таксама Яна Чыквіна і Анатоля Вярцінскага прайшла ў музэі Янкі Купалы.

У Менску і Віцебску прайшлі "Франка-беларускія музычныя сустрэчы" — супольныя канцэрты вядомых французскіх музыкантаў і навучэнцаў Рэспубліканскага каледжу пры Беларускай акадэміі музыкі. У Эўрапейскім Гуманітарным унівэрсытэце адбыўся паказ французскага фільма "Іншае жыцьцё" пра беларускіх музыкантаў, якія ахвяруюць сваё жыцьцё мастацтву. У галерэі ўнівэрсытэту цяпер праходзіць выстава музычна-эратычнае графікі французскай мастачкі Фрэдэрыкі Артэга.

Акторы-аматары зь ліку парафіянаў менскае царквы Сьвятых Пётры й Паўла паставілі ў сваім храме спэктакаль "Цар Юдэйскі" паводле забароненай яшчэ ў царскай Расеі п'есы Канстантына Раманава, дзядзькі апошняга цара. Усе рэплікі й сцэнічныя строі прайшлі цэнзуру ў эпархіяльнай управе. Высокія царкоўныя чыны засталіся незадаволеныя, што ў ролях фарысэяў не ўдалося скарыстаць габрэяў. У сёньняшняй Праваслаўнай царкве тэатральныя пастаноўкі — вельмі рэдкая зьява, але ў сярэднявеччы яны ладзіліся да ўсялякага сьвята. Менавіта паводле біблейскіх сюжэтаў напісаў першыя ў Расеі п'есы наш суайчыньнік Сымон Полацкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG