Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

(эфір 9 сьнежня)
Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ на сёньняшнім Сойме прыняла Зварот, у якім гаворыцца, што Беларускі вызвольны рух вызначыў свайго кандыдата ў прэзыдэнты. Імя яго пакуль не называецца.

Апроч таго, на Сойме была прынятая Заява з патрабаваньнем, каб дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня неадкладна распачалі стварэньне законнага ўраду, прынялі і зацьвердзілі прапановы Сямёна Шарэцкага па складзе ўраду.

Сёньня на Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ асноўным пытаньнем было абмеркаваньне праграмы падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў 2001 года. У выніку былі прынятыя тры дакумэнты: Заява Беларускага Вызвольнага руху, Зварот да беларускага народу, а таксама накірункі практычнай дзейнасьці.

У Заяве гаворыцца, што легалізацыю акупацыйнай улады ў Беларусі Масква хоча праводзіць праз прэзыдэнцкія выбары, ажыцьцяўляючы адразу два варыянты: стаўку на Лукашэнку і стаўку на яго суперніка, падабранага Масквою.

Канчатковы варыянт праявіцца ў працэсе выбараў. Цытую, "… Вынік прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі можа абазначаць для Масквы альбо захоп, альбо страту Беларусі. Вынік выбараў для Лукашэнкі – гэта пытаньне лёсу і жыцьця: быць альбо ня быць. Таму ніякіх дэмакратычных, і ўвогуле – нармальных выбараў акупацыйны рэжым у Беларусі не дапусьціць. Тым больш, што беларускае грамадзтва ўжо не падтрымлівае Лукашэнку…"

Тым ня менш, Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ у сваім звароце зазначыў, што кандыдат ад Беларускага Вызвольнага Руху ўжо вызначаны, але яго імя пакуль не называецца. Ён будзе змагацца за інтарэсы Беларусі і яе людзей, супраць расейскай імпэрскай палітыкі, супраць прарасейскага рэжыму і, цытую, "так званай аб'яднанай апазыцыі". Сойм ухваліў накірункі практычнай дзейнасьці руху падчас перадвыбарчай кампаніі.

Гаворыць лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Юры Беленькі:

(Беленькі: ) "Хаця мы вельмі асьцярожна ставімся да таго, што гэта сапраўды будзе выбарчая кампанія, але гатовыя мы павінныя быць. Таму вельмі вялікая ўвага надаецца працы нашых структураў і ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. І падрыхтоўка да, скажам, нестандартнага павароту падзеяў".

У сваёй Заяве Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ зьвяртаецца да дэпутатаў ВС 13-га скліканьня, каб тыя падтрымалі ініцыятыву Сымона Шарэцкага пра стварэньне законнага ўраду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG