Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўніцтва цэнтру "Вясна" ды іншых праваабарончых арганізацыяў задаволенае вынікамі ўчорашняй агульнанацыянальнай акцыі, прысьвечанай 52-й гадавіне прыняцьця Ўсеагульнае дэклярацыі правоў чалавека. У мітынгах і пікетах, што прайшлі ў 15 гарадох Беларусі, бралі ўдзел больш за 500 чалавек.

Cёньня прадстаўнікі цэнтру "Вясна" й арганізацыі "Праўная дапамога насельніцтву" правялі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой падвялі вынікі ўчорашняй акцыі ў абарону правоў чалавека. Захады з нагоды прыняцьця Дэклярацыі, арганізаваныя шэрагам праваабарончых арганізацыяў, прайшлі ў 15 гарадох краіны.

Паводле арганізатараў, найбольш масавыя акцыі ўчора адбыліся ў Маладэчне (у санкцыянаваным уладамі мітынгу там брала ўдзел каля 200 чалавек), Менску (у гуляньнях па праспэкце Скарыны ўдзельнічала 150 чалавек), і Горадні (там прайшлі тры пікеты агульнай колькасьцю каля 100 ўдзельнікаў). У іншых гарадох Беларусі пікеты былі менш масавымі.

Паводле супрацоўніцы праваабарончага цэнтру "Вясна" Паліны Сьцепаненкі, учора ў розных гарадох краіны міліцыя затрымала 14 удзельнікаў акцыяў.

Так, у Менску былі затрыманыя Юрась Зянковіч і Сяргей Скамейка, якіх пратрымалі ў пастарунку паўгадзіны й канфіскавалі камізэлькі з партрэтам Віктара Ганчара. У часе акцыі на праспэкце Скарыны міліцыянты таксама спробавалі затрымаць Людмілу Бажок ды некаторых іншых. У Берасьці былі затрыманыя ўдзельнікі несанкцыянаванага пікету Ўладзімер Вялічкін, Сяргей Бахун, Алег Дыдышка, Яўген Беласін і Кірыл Данько. Сёньня іхныя справы разглядае суд.

Чацьвера пікетоўцаў былі затрыманыя ўчора ў Віцебску: Алена Залеская, Сяргей Васенка, Анатоль Захараў і Дзяніс Мускоў. Яшчэ двух праваабаронцаў, Анатоля Аскерку й Зьміцера Бародку, затрымалі за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ў Барысаве. А днём раней, у Горадні, за правядзеньне недазволенага пікету, затрымалі Сьвятлану Нех і Дзяніса Міхальчыка, а таксама прысутных на акцыі карэспандэнтку газэты "Пагоня" Алесю Сідлярэвіч, аднаго грамадзяніна Польшчы і проста выпадковага мінака.

Прадстаўнік цэнтру "Вясна" Барыс Гюнтэр лічыць, што ўдзельнікі акцыі абралі такую форму яе правядзеньня, што ўладам проста не было да чаго прычапіцца. Гэтую думку падзяляюць і іншыя праваабаронцы. Гаворыць Валянцін Стэфановіч:

(Стафановіч: ) "Мы лічым, што акцыя, у прынцыпе, прайшла бяз стратаў, хаця супрацоўнікаў міліцыі было шмат, і ўсё гэта здымалася на відэакамэры. Але не адважыліся яны вось так на праспэкце адкрыта хапаць людзей у гэтых накідках, якія, фактычна, сваімі дзеяньнямі не парушалі грамадзкі парадак, не крычалі, сьцягамі не карысталіся, на праезжую частку не выходзілі, проста гулялі. Я думаю, што калі б мы проста пачалі скандаваць лёзунгі і пайшлі ў бок плошчы Незалежнасьці, то мы маглі б пабачыць зусім іншыя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі".

Паведаміў супрацоўнік цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч.

А кіраўнік арганізацыі "Праўная дапамога насельніцтву" Алег Воўчак лічыць, што ўлады ня сталі праводзіць масавыя затрыманьні ў Дзень правоў чалавека яшчэ й таму, што пабаяліся шырокага міжнароднага рэзанансу. Арганізатары ўчорашняй акцыі лічаць, што яна прайшла пасьпяхова й прадэманстравала адзінства розных арганізацыяў у абароне правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG