Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Судзьдзя Ленінскага раёну Берасьця вырашыў сёньня не разглядаць справы затрыманых 10 сьнежня удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі ў цэнтры гораду, прысьвечанай Дню правоў чалаваека. Судзьдзя палічыў, што берасьцейскія міліцыянты парушылі працэдуру затрыманьня.

Пяцёра затрыманых былі дастаўленыя ў суд сёньня апоўдні. Уладзімер Вялічкін, Сяржук Бахун, Яўген Бяласін, Алег Дыдышка і Кірыл Данько былі затрыманыя ўчора і суткі праседзелі ў ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС. Пры гэтым Яўгену Бяласіну нават не далі магчымасьці патэлефанаваць у інтэрнат да сваіх непаўнагадовых дзяцей, якія правялі ноч у адсутнасьці бацькоў.

Да пачатку паседжаньня судзьдзя Алег Міранюк абвесьціў, што ў дачыненьні спадароў Бяласіна і Бахуна разгляд справы будзе адкладзены, бо яны ўжо прыцягваліся да адказнасьці па іншых адміністрацыйных справах і таму супрацоўнікам міліцыі трэба было інакш кваліфікаваць дзеяньні гэтых грамадзянаў.

Кожнага з астатніх удзельнікаў акцыі выклікалі ў кабінэт судзьдзі, дзе той цікавіўся толькі адным пытаньнем – ці тлумачылі супрацоўнікі міліцыі пад час затрыманьняў правы тых, каго яны затрымлівалі? Усе адказы былі аднолькавыя – ніхто з удзельнікаў учорашняй акцыі не пачуў ад міліцыянтаў ніякіх тлумачэньняў. Больш за тое – было ўзгадана, што кіраваў дзеяньнямі міліцыянтаў асабіста начальнік Ленінскага РАУС Берасьця Аркадзь Касьцючык, які пагражаў абвінаваціць усіх удзельнікаў акцыі ня толькі ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету, але і ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

Пачуўшы гэтыя адказы, судзьдзя нечакана для ўсіх абвесьціў, што ён прыпыняе разгляд згаданых справаў і накіроўвае іх у Ленінскі РАУС. На думку судзьдзі, супрацоўнікамі гэтага аддзелу была парушаная працэдура, якуя трэба датрымліваць пад час затрыманьняў грамадзянаў. Берасьцейскія праваабаронцы лічаць, што такім чынам суд ускосна прызнаў, што міліцыянты кепска ведаюць свае абавязкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG