Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Тры дні запар Беларуская тэлевізія ганьбіла Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску ды заклікала Міністэрства замежных справаў выклікаць кіраўніка КНГ для тлумачэньняў "падрыўное, антыканстытуцыйнае дзейнасьці" гэтае групы, але толькі сёньня КНГ ды МЗС адрэагавалі на тэлевізійныя заклікі.

Яшчэ ўвечары ў пятніцу Беларуская тэлевізія паведаміла, што КНГ АБСЭ ў Менску стала "інструмэнтам падрыўное, антыканстытуцыйнае дзейнасьці супраць Беларусі". А ў суботу БТ паказала адмысловы фільм Юрыя Азаронка з назовам "Амаль сакрэтныя матэрыялы", дзе кіраўніка КНГ Ганса-Георга Віка называлі «нямецкім шпіёнам» і параўноўвалі з «паханом на зоне».

Цікава, што сцэнар фільма напісалі Віктар Нікольскі ды Мікола Сяргееў (Николай Сергеев). Апошні — гэта колішні лідэр былога "Славянскага сабору Белая Русь", а цяпер гэтак званы «палітоляг» БТ. А вось «Віктар Нікольскі» — гэта псэўданім старшыні Белтэлерадыёкампаніі Віктара Чыкіна, якім ён раней падпісваў сваю камуністычную газэту "Мы и время".

У нядзелю аўтар праграмы "Рэзананс" Аляксандар Зімоўскі трэці раз слова ў слова паўтарыў заяву пра КНГ АБСЭ як «інструмэнт падрыўное дзейнасьці» ды запатрабаваў выклікаць амбасадара Віка ў беларускае МЗС. Таму гэта ня ёсьць думкаю асобных службоўцаў Беларускае тэлевізіі. Мажліва, кіраўнік дзяржтэлерадыё Чыкін ды ягоны намесьнік Зімоўскі выконваюць пажаданьне Аляксандра Лукашэнкі, выказанае на знакамітай сустрэчы ў КГБ:

(Лукашэнка: ) «Пад эгідаю правадніка дэмакратыі ў нас у краіне функцыянуе — і я гэта публічна хачу сказаць — Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ, якую мы спрабавалі заўжды ўлагодзіць нечым», — сказаў спадар Лукашэнка кіраўніцтву КГБ ды спадару Зімоўскаму.

Апошні ўчора пагражаў Гансу-Георгу Віку заканчэньнем "дыпляматычнае кар'еры ў якасьці пэрсоны нон грата" ды яшчэ казаў, што спадар Вік можа скончыць кар'еру выведніка "правалам усяе сеткі ды высылкаю з краіны".

Сёньня палітычны дарадца КНГ АБСЭ Эндру Карпэнтэр агучыў для радыё Свабода заяву амбасадара Віка, якога зараз у Беларусі няма:

(Карпэнтэр: ) «Цяпер Беларуская тэлевізія распачала прапагандысцкую кампанію супраць амбасадара Віка, Кансультацыйна-назіральнае групы ды АБСЭ. Абвінавачваньні, высунутыя ў гэтых праграмах супраць АБСЭ, — гэта фабрыкацыі, што маюць на мэце нэгатыўна паўплываць на прэстыж і пазыцыю арганізацыі ды ейных прадстаўнікоў».

— Гэтак гаворыцца ў заяве КНГ АБСЭ ў Менску, якую зачытаў спадар Карпэнтэр.

Кансультацыйна-назіральная група заявіла таксама, што выконвае свой мандат у Беларусі ды ў адпаведнасьці зь ім падтрымлівае кантакты з урадавымі інстытутамі, зь няўрадавымі грамадзкімі арганізацыямі ўлучна з зарэгістраванымі апазыцыйнымі партыямі, а таксама з тымі арганізацыямі, што прызнаюцца эўрапейскімі інстытутамі як дэмакратычна легітымныя структуры Беларусі. Эндру Карпэнтэр таксама спаслаўся на нядаўні камэнтар міністра замежных справаў Хвастова што да працягу дзейнасьці КНГ АБСЭ ў Беларусі».

Новы міністар замежных справаў Міхал Хвастоў, сапраўды, заявіў на сваёй першай прэсавай канфэрэнцыі, што місіі АБСЭ існуюць ва ўсіх краінах былога СССР, і зь менскай групаю таксама трэба супрацоўнічаць.

Для беларускага дыпляматычнага ведамства атака дзяржаўнае тэлевізіі на групу пад кіраўніцтвам Ганса-Георга Віка сталася нечаканасьцю. Крыніцы ў МЗС мяркуюць, што гэта быў своеасаблівы падарунак новаму міністру ад "ястрабаў" у лукашэнкавай адміністрацыі — гэткае спраўджваньне на адданасьць.

Сёньня прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка зноў адмовіўся камэнтаваць сутнасьць тэлевізійных абвінавачваньняў супраць амбасадара Віка:

(Латушка: ) «Я магу сказаць, што Міністэрства замежных справаў Беларусі раіць вам зьвярнуцца па адпаведны камэнтар на Беларускую тэлевізію».

(Карэспандэнт: ) «Ці будзе МЗС выклікаць амбасадара Віка да сябе?»

(Латушка: ) «Наколькі я маю інфармацыю, у бліжэйшыя дні гэта не плянуецца»,

— зазначыў спадар Латушка ды такім чынам даў зразумець, што дыпляматычнае ведамства не падзяляе пазыцыю Чыкіна–Зімоўскага. Адсутнасьць камэнтару да іхных абвінавачваньняў — гэта таксама пэўнага кшталту камэнтар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG