Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Са скандала пачаліся сёньня ў Менску ўрачыстасьці з нагоды 130-х угодкаў выдатнага беларускага мастака Фердынанда Рушчыца.

10 сьнежня – 130-годзьдзе з дня нараджэньня Фердынанда Рушчыца. З гэтай нагоды Нацыянальны мастацкі музэй, Гальшанскі архітэктурны комплекс ды Саюз мастакоў наладзілі двухдзённую праграму ўрачыстасьцяў. 8 і 9 сьнежня ў Менску ды на Гальшаншчыне, у родных мясьцінах Рушчыца, праходзяць навуковыя чытаньні, прысьвечаныя жыцьцю і творчасьці гэтага выбітнага жывапісца ды культурнага дзеяча, а таксама адчыняюцца выставы твораў удзельнікаў сёлетняга плэнэру, які праводзіла мастацкая суполка "Пагоня".

У Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску іхняя экспазыцыя адчыняецца сёньня ўвечары. Аднак раніцаю стала вядома, што дырэктар музэю Пракапцоў распарадзіўся зьняць з экспазыцыі працу Аляксея Марачкіна "Дыямэнты забытае спадчыны", заявіўшы, што, маўляў, Марачкін ня ёсьць удзельнікам плэнэру. Вось што нам распавёў сам мастак.

(Марачкін: ) "Інсуе такая практыка. Калі ўдзельнік плэнэра ня мае магчымасьці прыехаць на месца і разам з усімі тварыць, то ён можа прысьвяціць адну-дзьве карціны і толькі на запрашэньне аргкамітэту можа ўдзельнічаць у гэтай выставе. Паколькі я, сябра аргкамітэту, быў запрошаны намесьнікам старшыні аргкамітэту Мколам Купавам і меў маральнае права паказаць твор, які называецца "Дыямэнты забытай спадчыны альбо паміж небам і зямлёй". Мяне пакуль не зьдзівіла. Да зьнявагі такое стаўленьне…"

Сказаў Аляксей Марачкін. Рэпрэсаваны твор мастак зьбіраецца выставіць на вуліцы пры ўваходзе ў музэй. Між іншым, гэты выпадак – не адзінкавая праява цэнзуры твораў мастака ў апошні час. Вось што нам яшчэ паведаміў Аляксей Марачкін.

(Марачкін: ) "Даходзіць нават да сьмешнага. Была выстава, прысьвечаная Кастусю Каліноўскаму, і мой твор ня быў дапушчаны з той прычыны, што вусы Мураўёва нагадвалі ўсім вядомыя вусы, а гэты твор яшчэ ў савецкія часы быў на выставе. Я ня ведаю, якім словам назваць тое, што ў нас дзеецца".

Аляксей Марачкін паведаміў таксама, што з выставы, прысьвечанай Слуцкаму збройнаму чыну, якая экспануецца ў рэспубліканскім экалягічным цэнтры, адміністрацыя гэтае ўстановы зьняла плякат Уладзімера Крукоўскага "Што ж мы за людзі?"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG