Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Шэраг праваабарончых арганізацыяў Беларусі правядзе заўтра ў 15 гарадох краіны вулічныя акцыі, прысьвечаныя 52-й гадавіне прыняцьця ААН Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. У большасьці гарадоў Беларусі акцыі пройдуць без санкцыі ўладаў…

Арганізатарамі акцыяў у абарону правоў чалавека сталі цэнтар "Вясна", Беларускі гэльсынскі камітэт, Цэнтар правоў чалавека, "Гэльсынкі-21", Маладая Грамада з Маладым Фронтам ды іншыя арганізацыі.

Найбольш шырока ўгодкі Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека будуць адзначацца ў Менску. Хаця сталічныя ўлады й не дазволілі прадстаўнікам "Вясны" пікет у Міхайлаўскім сквэры, накіраваўшы іх на плошчу Бангалёр, тым ня менш акцыя ў цэнтры гораду ўсё роўна адбудзецца.

Актывісты цэнтру "Вясна" ды іх калегі зь іншых праваабарончых арганізацыяў плянуюць правесьці на цэнтральнай частцы праспэкту Скарыны з 12 гадзінаў гэтак званыя народныя гуляньні.

Сцэнар гэтай акцыі пакуль трымаецца ў сакрэце, а вось пра мэты арганізатары паведамляюць ахвотна. Гаворыць кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "Далёка ня ўсе ў нас ведаюць, што 10-га сьнежня – гэта дзень прыняцьця Дэклярацыі правоў чалавека, далёка ня ўсе ведаюць, што гэта такое. Адпаведна будзе распаўсюджвацца брашурка з тэкстам Дэклярацыі. І другі акцэнт – гэта зьнікненьне людзей, палітычных і грамадзкіх дзеячаў, якія адбываліся цягам 2-х апошніх год. Прэзыдэнт апошнімі сваімі заявамі падкрэсьліў, што гэта – ягоная віна. Ну, калі ён прызнаўся, то мы падмацуем гэтае ягонае прызнаньне тым, што толькі пры той сыстэме, якую ён стварыў, пры той сытуацыі з правамі чалавека магчымы такія зьнікненьні, якія ў нас адбываюцца".

Беларускія праваабаронцы будуць адзначаць падобным чынам угодкі Дэклярацыі ня першы раз. 10 сьнежня 1998 году цэнтар "Вясна" арганізаваў на Кастрычніцкай плошчы Менску несанкцыянаваны мітынг, за што Алесь Бяляцкі й Юры Хадыка былі пакараныя 10-сутачным арыштам.

Летась у дзень прыняцьця Дэклярацыі праваабронцы арганізавалі перадачу ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі зваротаў грамадзянаў з патрабаваньнем не парушаць правоў чалавека.

Акрамя акцыі на праспэкце Скарыны, заўтра ў Менску прадстаўнікамі моладзевай кааліцыі "Пераменаў!" будзе арганізаваная раздача грамадзянам праваабарончай літаратуры, а таксама пройдзе несанкцыянаваны пікет на пляцы Незалежнасьці.

Паводле арганізатарў, яны зробяць усё магчымае, каб удзельнікі заўтрашняй акцыі не пацярпелі ад рэпрэсыяў уладаў.

Акрамя Менску, мерапрыемствы, прысьвечаныя угодкам Дэклярацыі правоў чалавека, пройдуць яшчэ ў 14 буйных гарадох Беларусі.

Мясцовыя ўлады Маладэчна дазволілі правядзеньне ў горадзе мітынгу. Таксама ёсьць дазвол на пікеты ў Магілёве й Слуцку. У Горадні, Берасьці, Віцебску, Баранавічах, Барысаве, Наваполацку ды ў іншых гарадох пікеты з раздачай праваабарончай літаратуры пройдуць несанкцыянавана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG