Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня суд Ленінскага раёну Менску не задаволіў скаргу Юрыя Сьвірко, які быў пастаянна акрэдытаваны ў Беларусі ад брытанскай карпарацыі ВВС. Журналіст дамагаўся, каб суд абавязаў кіраўніка прэзыдэнцкай прэсавай службы Зьміцера Жука выконваць закон і дапускаць на мерапрыемствы з удзелам Аляксандра Лукашэнкі журналістаў, акрэдытаваных пры беларускім Міністэрстве замежных справаў.

Кіраўнік прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі Зьміцер Жук неаднойчы нематывавана адмаўляў Юрыю Сьвірко ў акрэдытацыі на розныя важныя мерапрыемствы. Гэта значна ўскладняла працу карэспандэнта, і ён неаднаразова зьвяртаўся і да Зьміцера Жука, і да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай патлумачыць, чаму да яго ды некаторых іншых журналістаў так ставяцца. Але абгрунтаванага адказу так і не атрымаў.

Ня даў ніякага выніку і зварот да адміністрацыі Лукашэнкі, а таксама ў МЗС кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ Ганса Георга Віка, у якім ён прасіў прыняць захады, каб усе замежныя журналісты мелі магчымасьць свабодна асьвятляць падзеі ў Беларусі. І тады журналіст вырашыў адстойваць свае інтарэсы праз суд.

У сваёй заяве сп. Сьвірко прасіў суд забавязаць кіраўніка прэсавай службы Лукашэнкі выконваць Закон аб друку, дзе запісана, што акрэдытаваны журналіст мае права атрымліваць інфармацыю пра дзейнасьць дзяржаўнага воргану, быць запрошаным на прэсавыя канфэрэнцыі й мерапрыемствы з удзелам высокіх дзяржаўных асобаў. Такім чынам журналіст хацеў стварыць юрыдычны прэцэдэнт, каб за ягоным прыкладам пайшлі іншыя.

Зьміцер Жук сам у суд не зьявіўся, але даслаў тэкст сакрэтнага ўказу Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога кола журналістаў, запрошаных на важныя мерапрыемствы, вызначае прэсавая служба разам са службай бясьпекі прэзыдэнта.

Нягледзячы на тое, што гэты ўказ нідзе ня быў апублікаваны, што супярэчыць Канстытуцыі, сёньня судзьдзя Ганна Бародзіч на падставе гэтага дакумэнту адмовіла Юрыю Сьвірко ў задавальненьні ягонага пазову. Яна таксама прызнала, што Зьміцер Жук дзейнічаў у рамках закону. Камэнтаваць сваё рашэньне сп-ня Бародзіч адмовілася, паколькі "яно яшчэ не ўступіла ў законную сілу".

Між тым, міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў лічыць, што няма ніякіх праблемаў з тым, каб забясьпечыць доступ усіх журналістаў на важныя дзяржаўныя мерапрыемствы. А на думку старшыні Канстытуцыйнага суду Рыгора Васілевіча, сакрэтны ўказ Лукашэнкі павінен быць апублікаваны. Тым ня менш, праблема недапушчэньня ўладамі многіх журналістаў да інфармацыі існуе, і яна даволі сур'ёзная. Гаворыць віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў і экспэрт Цэнтру прававой дапамогі СМІ Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) "Самая галоўная праблема ў тым, што сутнасьць акрэдытацыі ўлады разглядаюць як інстытут дазволу. Журналістам яны дазваляюць ці не дазваляюць доступ да інфармацыі, а ў законет аб друку акрэдытацыя разглядаецца зусім па-іншаму – як інстытут стварэньня найбольш спрыяльных умоваў для журналіста. Сёньня незалежныя сродкі масавай інфармацыі ці замежныя – гэта амаль адзіны інстытут кантролю за дзеяньнямі ўладаў. І спробы зьменшыць доступ інфармацыі да мінімума – таксама зразумелыя".

Паведаміў сп. Бастунец.

Юры Сьвірко сёньняшнім рашэньнем судзьдзі Бародзіч не задаволены і будзе абскарджваць яго ў судзе вышэйшай інстанцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG