Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Прэзыдэнцкія выбары пройдуць у Беларусі ў верасьні 2001 году, – заявіла сёньня старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Лідзія Ярмошына. Раней яна казала, што выбары пройдуць не пазьней за верасень – гэта значыць, яны мажлівыя ўлетку ці нават увесну.

Сёньня ж сакратаром Цэнтарвыбаркаму замест Івана Ліхача стаў Мікола Лазавік.

Старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Лідзія Ярмошына заявіла сёньня агенцтву Інтэрфакс, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць менавіта ў верасьні наступнага году. Два дні таму, на прэсавай канфэрэнцыі для ўсіх журналістаў, яна чамусьці падобнай заявы не зрабіла.

Дый сёньня, у той жа залі Нацыянальнага прэсавага цэнтру, дзе выступала ў аўторак спадарыня Ярмошына, старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч на пытаньне пра тэрміны правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў адказаў гэтак:

(Васілевіч: ) "Паводле Канстытуцыі, да 26 верасьня мусяць быць праведзеныя выбары прэзыдэнцкія. У якую зь нядзеляў – ня ведаю. Выбары павінны быць прызначаныя за 5 месяцаў да заканчэньня паўнамоцтваў. Значыць, да 26 чэрвеня мусяць быць прызначаныя выбары".

Я патэлефанаваў у Цэнтарвыбаркам Лідзіі Ярмошынай, каб даведацца, што ж зьмянілася за апошнія два дні, ды калі менавіта пройдуць прэзыдэнцкія выбары.

(Ярмошына: ) "У верасьні. Тое, што яны пройдуць у верасьні, гэта дакладна. Да гэтага, калі я вам казала, значыць, дрэнна, што я вам не ўдакладніла дату".

На маё наступнае пытаньне, ці мае яна гарантыю, што "Нацыянальны сход" прызначыць дату выбараў на верасень, а не, скажам, на жнівень ці раней, яна адказала гэтак.

(Ярмошына: ) "Я ніякае ня маю гарантыі – гарантыю дае толькі страхавы поліс. Ён можа прызначыць і на жнівень, але мы, так бы мовіць – прынамсі, пакуль, зараз разглядаем і рыхтуемся менавіта да верасьня".

Сёньня ж новым сакратаром Цэнтарвыбаркаму стаў Мікола Лазавік, былы дэпутат гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" і Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Папярэдні сакратар Іван Ліхач, які працаваў на гэтай пасадзе яшчэ з такімі старшынямі Цэнтральнае выбарчае камісіі як Віктар Ганчар ды Аляксандар Абрамовіч, папрасіў вызваліць яго ад пасады паводле ўласнага жаданьня. Але пра такое жаданьне журналісты ведалі яшчэ тыдзень таму, бо тады зьявілася інфармацыя, што ёсьць загад расчысьціць месца для спадара Лазавіка. Вось як камэнтуе гэта Лідзія Ярмошына.

(Ярмошына: ) "Ніякіх спэкуляцыяў не было. Гэта нармальны кадравы працэс. Як Вы думаеце – у 75 год не пара сыходзіць на пэнсію? Ці Вы лічыце, што гэта ўзрост хлопчыка?"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG