Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Рада Бясьпекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў аднагалосна прадоўжыла яшчэ на шэсьць месяцаў праграму дапамогі Іраку пад назвай "Абмен нафты на харчаваньне". Пра гэта сёньня паведамляюць усе асноўныя сродкі масавай інфармацыі сьвету.

"У мінулым тыдні ў спробе дасягнуць большага кантролю грошай, якія Ірак атрымлівае ад Арганізацыі Аб'еднаных Нацыяў, Багдад прыпыніў адгрузку нафты, якая складала 2.3 мільёны барэляў штодня," – піша сёньняшняя New York Times. Але ў выніку ўчорашняй пастановы Рады Бясьпекі ААН, чакаецца, што неўзабаве адгрузка будзе ўзноўленая.

ААНаўскія кантралёры нафты паведамілі, што яны склалі кампрамісны праект у справе цэнаў на ірацкую нафту. Цяпер арганізацыя чакае ад ірацкай дзяржаўнай нафтавай кампаніі Somo адказу на новыя прапановы.

Ад пачатку 15 сяброў Рады Бясьпекі не маглі знайсьці згоды ў пытаньні, ці патрабуе Ірак дадатковыя грошы на рэалізацыю найбольш неадкладных гуманітарных праграмаў.

Пасьля некалькіх дзён перамоваў заключны тэкст новага пагадненьня дэкляраваў Багдаду да 600 мільёнаў эўра (525 мільёнаў даляраў) ірацкага нафтавага прыбытку цягам наступных шасьці месяцаў.

Калі папярэдняя праграма "Нафта на прадукты харчаваньня" дазваляла Іраку ўжываць нафтавыя прыбыткі на закупы гуманітарных тавараў, запасныя часткі для нафтавай прамысловасьці і выплату ваенных пазыкаў, то новая праграма дазваляе краіне выдаткоўваць гатоўку ў межах Іраку, на тое, каб пакрыць выдаткі прамысловасьці – паведамляе New York Times.

Жорсткія эканамічныя санкцыі супраць Іраку былі ўведзеныя пасьля ягонага ўварваньня ў Кувэйт у 1990 годзе. А праз шэсьць гадоў ААН, у спробе дапамагчы краіне пазбавіцца міжнароднай ізаляцыі, распачала праграму мены ірацкай нафты на харчовыя прадукты, – нагадвае сваім чытачам гісторыю пытаньня Financial Times.

Ад таго часу Ірак прадаў нафты больш як на 37 мільёнаў даляраў. Паралельна ішоў кантрабандны продаж, прыбыткі ад якога ішлі ірацкаму дыктатару Садаму Гусэйну і ягонаму бліжэйшаму атачэньню.

У той самы час Багдад працягваў выплату кампэнсацыяў ахвярам кувэйцкай вайны і зрабіў пэўныя выдаткі на праграмы для курдзкіх раёнаў.

Цяпер, паводле ААН, Ірак мае амаль 5 мільярдаў даляраў, якія Аб'еднаныя Нацыі заклікаюць яго ўжыць на дапамогу самым бедным грамадзянам краіны.

У новы сьпіс тавараў ірацкага імпарту дададзеныя электрычнае абсталяваньне, сродкі тэлесувязі і іншае, а таксама краіна атрымала дазвол ужыць больш як 500 мільёнаў даляраў на рэканструкцыю і эксплюатацыю нафтаваў прамысловасьці, завяршае сваю публікацыю на ірацкую тэму газэта Financial Times.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG