Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі Свабоднага прафсаюзу зьбіраюцца правесьці 18 сьнежня ў Менску шэсьце й мітынг пратэсту рабочых. Удзельнікі гэтай акцыі, будуць патрабаваць ад уладаў павысіць заробкі, спыніць рост цэнаў і не парушаць правоў прафсаюзаў…

Сёньня лідэры Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў і Анатоль Гурыновіч падалі ў Менскі гарвыканкам заяўку на правядзеньне мітынгу й шэсьця супраць зьніжэньня жыцьцёвага ўзроўню.

Арганізатары просяць, каб гарадзкія ўлады дазволілі збор удзельнікаў акцыі 18 лістапада, а 16-ай гадзіне каля прахадной Менскага трактарнага заводу. Адтуль калёна дэманстрантаў павінна накіравацца, праз цэнтар гораду да Палацу спорту, дзе адбудзецца мітынг.

Галоўныя патрабаваньні ўдзельнікаў акцыі да ўладаў: пачаць структурныя рэформы эканомікі, спыніць рост цэнаў і рэальна падвысіць заробкі. Гаворыць лідэр Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў:

(Быкаў: ) "Для бальшыні працаўнікоў трэба, каб яны маглі пайсьці на працу, дабрасумленна адпрацаваць 8 гадзінаў і атрымаць такі заробак, за які могуць жыць, а не перабівацца з вады на хлеб. Мы бачым, што вельмі спрытны рост цэнаў, а рост заробкаў, як мінімум, у два разы адстае ад росту цэнаў. Улада, калі яна будзе сябе паводзіць так, то ўлада ў выглядзе Свабоднага прафсаюзу вельмі сур'ёзнага ворага".

Арганізатары плянуюць, што на мітынгу будзе прыняты зварот да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем выканаць ўмовы рабочых. (Абяцаньні спадара Лукашэнкі падняць сярэдні заробак да 100 даляраў, спыніць рост цэнаў ды інфляцыю прафсаюзныя актывісты лічаць перадвыбарчай хлусьнёй). Калі ж патрабаваньні застануцца без увагі, то прадстаўнікі Свабоднага прафсаюзу плянуюць неўзабаве распачаць шэраг акцыяў пратэсту.

Генадзь Быкаў не выключае, што ў часе шэсьця й мітынгу 18 лістапада будуць гучаць і палітычныя патрабаваньні. Удзельнікі акцыі таксама будуць патрабаваць ад уладаў не перашкаджаць рэгістрацыі суполак Свабоднага прафсаюзу ў рэгіёнах. (На сёньняшні дзень застаюцца незарэгістраванымі каля 40% першасьцевых арганізацыяў Свабоднага прафсаюзу). На думку арганізатараў, у акцыі 18 лістапада возьме ўдзел ня менш як 5 тысячаў чалавек. Калі ўлады не дазволяць ці зьменяць месца правядзеньня акцыі, арганізатары гатовыя правесьці яе несанкцыянавана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG