Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 сьнежня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла сёньня, што закончана фармаваньне "Савету Рэспублікі" 2-га скліканьня. Яна не выключае, што "тэарэтычна магчыма" правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку наступнага году.

Старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла, што закончана фармаваньне «Савету Рэспублікі» 2-га скліканьня — абраныя 56 сябраў "Савету Рэспублікі". Абіралі іх, як высьветлілася, выключна на безальтэрнатыўнай аснове. Ніякіх скаргаў і парушэньняў заканадаўства, паводле Ярмошынай, зафіксавана не было.

На пытаньне пра тое, ці можна ўвогуле называць выбарамі такое фармаваньне "Савету Рэспублікі", Лідзія Ярмошына адказала:

"Па-першае, разнарадкі паводле прафэсіяў не было. Другое, давайце не забываць, што гэта верхняя палата парлямэнту, якая нідзе ў сьвеце не абіраецца на прамой аснове. Што датычыць "без альтэрнатывы", дык альтэрнатыва, калі і існавалала, дык толькі на стадыі вылучэньня. Потым выводзіць гэта на стадыю барацьбы, калі асоба ўжо вылучаная, ужо абраная, бо было ж галасаваньне на паседжаньнях выканкамаў і прэзыдыюмаў адпаведнага Савету, ня варта… Усё ж альтэрнатыва дапушчальная паводле нашага закону, але ці пажаданая? Я думаю, што не", — прызналася Лідзія Ярмошына.

Яна мяркуе, што гэта ўсё ж былі выбары, але адмысловыя, якія "мелі выгляд і характар дэлегаваньня пэўных паўнамоцтваў тэрытарыяльнага прадстаўніцтва абраньнікам пэўнае тэрыторыі". 8 сябраў "Савету Рэспублікі" прызначае Аляксандар Лукашэнка, але прызначыў ён пакуль што толькі дваіх — кіраўнікоў Берасьцейскага ды Магілеўскага абласнога выканкамаў.

Цяпер інтарэс грамадзтва пераключыўся на будучыя прэзыдэнцкія выбары. Днямі зьявілася інфармацыя пра тое, што дарадцы А.Лукашэнкі прапануюць яму правесьці выбары ў сакавіку наступнага году, а ня ў верасьні, каб апазыцыя не пасьпела падрыхтавацца да іх. Лідзія Ярмошына заявіла, што нічога ня ведае пра гэткія пляны, але тэарэтычна яны не выключаныя:

(Ярмошына: ) "Тэарэтычна можна, але для таго, каб выбары былі праведзеныя, мінімальны тэрмін паміж прызначэньнем выбараў і іх правядзеньнем мусіць быць ня менш як 90 дзён. Справа ў тым, што Канстытуцыя не прадугледжвае ў нас датэрміновага правядзеньня выбараў. Па сутнасьці датэрміновыя выбары ў нас магчымыя, толькі ў тым выпадку, калі пасада прэзыдэнта стане вакантнаю. Але калі гаворка йдзе пра сакавік і верасень, гэта паўгодавы тэрмін, дык цяжка ўжо напэўна казаць пра датэрміновасьць…"

— гэта была старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна выказалася сёньня і адносна прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША. Л.Ярмошына заявіла журналістам, што тыя 14 тысячаў галасоў, адносна якіх ідзе спрэчка ў ЗША, у Беларусі, на ейную думку, палічылі б за дзьве гадзіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG