Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сьнежня 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 2 сьнежня)
Навіны культуры мінулага тыдня.

Юбілейная вечарына памяці Ўладзімера Караткевіча ў Доме літаратара сабрала рэкордную за апошняе дзесяцігодзьдзе колькасьць гледачоў і ўдзельнікаў. Гледачы стаялі нават на сцэне — і ўсё адно каля сотні прыхільнікаў вялікага пісьменьніка ня здолелі патрапіць у перапоўненую залю. Вечарына прайшла ў атмасфэры патрыятычнага мітынгу і ўвянчалася скандаваньнем воклічу "Жыве Беларусь!"

У Доме дружбы прайшла імпрэза Цэнтру нямецкае культуры "Wiedergeburt" ("Адраджэньне"). Суполка выдае нямецкамоўны часопіс "Wie geht's?", ня даўна ладзіла навуковую канфэрэнцыю, прысьвечаную Гётэ, мае хор нямецкае песьні і вакальны ансамбаль "Sonnenstrahl". Такіх суполак у Беларусі пяць, а жыве ў нашай краіне каля 5 тысячаў немцаў.

З нагоды 80-х угодкаў слуцкага паўстаньня ў кінатэатры "Змена" прайшоў паказ фільму Міколы Гайдука "Рэха Слуцкага збройнага чыну". Тым часам у відэаклюбе Таварыства Беларускае Мовы толькі што зьявіўся відэазапіс кінафільму "На Чорных лядах", які паводле апавяданьняў Васіля Быкава зьняў рэжысэр Валеры Панамароў. Стужка забароненая для кінапракату, але цяпер ёсьць магчымасьць паглядзець яе на відэа.

Таварыства "Рокаш" выпусьціла сэрыю каляндарыкаў на наступны год з партрэтамі беларускіх ваеначальнікаў, якія змагаліся за незалежнасьць айчыны. Сярод іх — камандзір 1-е Слуцкае брыгады стральцоў войскаў БНР Антон Сокал-Кутылоўскі, камандзір Беларускага батальёну пры Літоўскім войску Алесь Ружанцоў, начальнік Беларускай Краёвай Абароны Франц Кушаль, супрацоўнік Беларускае Вайсковайе Камісіі Алесь Гарун, генэрал Станіслаў Булак-Булаховіч ды іншыя. Аўтар партрэтаў і адрас выдаўца на каляндарыках не пазначаныя.

У кінатэатры "Масква" прайшло сьвяткаваньне 20-х угодкаў Менскага тэатру-студыі кінаактора. За гэтыя гады на ягонай сцэне адбыліся прэм'еры больш як 40 спэктакляў. Менскі тэатар кінаактора — унікальны, такіх у сьвеце больш няма. Ён быў створаны, каб уратаваць ад беспрацоўя беларускіх актораў кіно, бо амаль усе рэжысэры студыі "Беларусьфільм" традыцыйна запрашаюць на асноўныя ролі ў сваіх фільмах выканаўцаў з Масквы. Нават усімі паважаны Віктар Манаеў у апошнім умоўна беларускім фільме Міхала Пташука "У жніўні 44-га" зьняўся толькі ў масоўцы.

У Нацыянальным цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі адчынілася выстава жывапісу й графікі глуханямых дзяцей, што вучацца ў адмысловай менскай школе № 14. У школе ўжо 7 гадоў дзейнічае творчая майстэрня, дзе мастакі Зьміцер Ярмелаў і Сяргей Коршун вучаць дзяцей-інвалідаў маляваць і ляпіць з гліны. Усе творы выставы, якая праходзіць пад лёзунгам "Хочаце нас пачуць — глядзіце!", кранаюць мужнай радасьцю жыцьця і аптымізмам. Гэтыя дзеці ніколі ня слухалі Дзяржаўнага радыё…

Рыгор Барадулін апошнім часам выступае на літаратурных вечарынах ня толькі зь вершамі, але й з народнымі песьнямі, складае песьні і сам. На гэтым тыдні Барадулін завершыў запіс кампакт-дыску "Гойкнуў Баравічок", куды ўвайшлі 56 народных песень у ягоным выкананьні, якія выдатна гучаць і без музычнага суправаджэньня. Амаль столькі ж насьпяваных у студыі песень Барадулін пакінуў для наступнага альбому, а пакуль шукае выдаўца для першага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG