Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэры партыяў і арганізацыяў, што ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў, наведалі Бэрлін, дзе правялі шэраг сустрэчаў з уплывовымі нямецкімі палітыкамі.

У складзе беларускае дэлегацыі, якую запрасіў у Бэрлін фонд імя Конрада Адэнаўэра, былі лідэры партыі БНФ Вінцук Вячорка, АГП Анатоль Лябедзька, БСДГ Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Віктар Івашкевіч ды іншыя. Цягам трох дзён беларускія апазыцыянэры мелі сустрэчы з многімі дэпутатамі нямецкага Бундэстагу, чыноўнікамі Міністэрства замежных справаў, а таксама з прадстаўнікамі інтэлектуальнай эліты й журналістамі.

Гаворыць Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Гэтая паездка рабілася дзеля інфармацыйных кантактаў. Інтэнсыўныя кантакты дапамагаюць данясеньню аб'ектыўнай інфармацыі да нямецкіх палітыкаў – перадусім да парлямэнтароў – дзеля таго, каб яны ў агульнаэўрапейскім хоры ўпэўнена сьцьвярджаліся на карысьць дэмакратычнай і, галоўнае, незалежнай пэрспэктывы Беларусі".

Лічыць спадар Вячорка.

Паводле лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, паездка ў Бэрлін была надзвычай важнай, бо ад таго, якую пазыцыю зойме Нямеччына ў дачыненьні да Беларусі, шмат у чым будзе залежаць і агульнаэўрапейская пазыцыя ў гэтым пытаньні. У камітэце правоў чалавека Бундэстагу беларускія апазыцыянэры распавядалі пра сытуацыю са зьніклымі асобамі, на сустрэчах з намесьнікам старшыні фракцыі ХДС/ХСС парлямэнту Фолькерам Руэ і ў нямецкім МЗС — пра стратэгію аб'яднанай апазыцыі перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Анатоль Лябедзька гаворыць, што ўсе нямецкія парлямэнтары ад правай ХДС да левых СДПГ і партыі зялёных ухвалілі ініцыятыву лідэраў Каардынацыйнае рады ў справе вылучэньня адзінага дэмакратычнага кандыдата на будучых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

Прадстаўнікі нямяцкай палітычнай эліты абяцалі аказаць ціск на афіцыйныя Менск і Маскву з мэтаю дамагчыся стварэньня ў Беларусі дэмакратычных умоваў правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. Гаворыць старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) "Расейцам увесь час будуць даводзіць, што ня справа, маўляў, палітыкаў такога ўзроўню, як сп.Пуцін і г.д. падтрымліваць Лукашэнку. Маўляў, гэта кепска, непрыгожа і нават нявыгадна, таму што каб тыя ж трубы пракладаць з Расеі праз тэрыторыю Беларусі, пажадана, каб тут быў стабільны рэжым. А рэжым тыпу Лукашэнкавага ў прынцыпе ня можа быць стабільным, таму што сам у сабе нясе зародак грамадзкіх канфліктаў".

Паведаміў спадар Івашкевіч.

Праўда, некаторыя дэпутаты Бундэстагу ад Сацыял-Дэмакратычнае партыі выказвалі меркаваньне, што Нямеччыне варта пераходзіць да "палітыкі разрадкі" ў адносінах да Беларусі. (На пачатку наступнага году нямецкія сацыял-дэмакраты зьбіраюцца правесьці партыйныя слуханьні ў пытаньні Беларусі.) Аднак, паводле лідэраў беларускай апазыцыі, бальшыня нямецкіх палітыкаў падзяляюць тактыку эўрапейскіх структураў у справе непрызнаньня вынікаў выбараў у г.зв. палату прадстаўнікоў і патрабаваньні да ўладаў Беларусі дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства ды захоўваць правы чалавека.

Анатоль Лябедзька і Станіслаў Шушкевіч даводзілі нямецкім дэпутатам, што пакуль у краіне няма сапраўднага парлямэнту, у міжнародных палямэнцкіх структурах Беларусь мусіць прадстаўляць Вярхоўны Савет 13-га скліканьня. І ў гэтым пытаньні, яны знайшлі пэўнае паразуменьне зь нямецкімі калегамі. Але канчатковае рашэньне будзе прымаць Парлямэнцкая асамблея АБСЭ. Нямецкія палітыкі таксама паведамілі, што сям'і Юрыя Захаранкі, якая цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне, будзе аказаная маральная і матэрыяльная дапамога.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG