Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 лістапада 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Хаця Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра тое, што "Палата прадстаўнікоў" 2-га скліканьня будзе першым у гісторыі сучаснае Беларусі цалкам прафэсійным парлямэнтам, у сапраўднасьці ўсё больш дэпутатаў шукаюць магчымасьць спалучэньня "парлямэнцкіх" абавязкаў з ранейшай працаю.

Ужо 16 дэпутатаў гэтак званае «Палаты прадстаўнікоў» 2-га скліканьня зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю дазволіць ім спалучаць «парлямэнцкую» дзейнасьць cа сваімі былымі пасадамі. Сярод іх, напрыклад, генэральны дырэктар вытворчага аб'яднаньня «Беларускалій» Пётра Калугін, галоўны рэдактар газэты «Рэспубліка» Сяргей Дубовік, дырэктар дэпартамэнту гуманітарнае дзейнасьці пры прэзыдэнце Віктар Кучынскі, намесьнік генэральнага пракурора Пётра Іваненка…

Зь некаторымі зь іх днямі размаўляў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Міхал Мясьніковіч. Паводле інфармацыі аднаго з такіх дэпутатаў, Мясьніковіч паабяцаў, што чалавек 5 (а можа й 10) такую магчымасьць атрымаюць.

Такім чынам, рушыцца канцэпцыя стварэньня «цалкам прафэсійнага парлямэнту». Між тым, Лукашэнка неаднаразова публічна заяўляў, што дэпутаты 2-га скліканьня мусяць разьвітацца з былымі пасадамі. Апошні раз, дарэчы, гэта было ў часе ягонае сустрэчы з дэпутатамі, якіх абралі 15 кастрычніка.

Патрабаваньне прафэсійнае працы ў парлямэнце ёсьць канстытуцыйным. Артыкул 92 рэальна дзейнае Канстытуцыі прадугледжвае, што (цытую) «дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ажыцяўляюць свае паўнамоцтвы ў парлямэнце на прафэсійнай аснове, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў можа быць адначасова сябрам ураду». Такім чынам, спалучаць дзьве пасады можа толькі сябра ўраду. Цікава, што адзін такі чалавек у новай «палаце» ёсьць. Гэта — новаабраны сьпікер Вадзім Папоў, які афіцыйна пакуль захоўвае і пасаду міністра сельскае гаспадаркі ды харчаваньня.

На вырашаньне праблемы працаўладкваньня дэпутатам, згодна з законам, адведзена тры месяцы. Потым яны паўстануць перад альтэрнатываю — альбо здаць дэпутацкі мандат, або сыйсьці з займаемай пасады. Але закон, здаецца, можна і абыйсьці. Дэпутаты, якія ня хочуць пакідаць свае ранейшыя працоўныя мейсцы, сьцьвярджаюць, што будуць працаваць там і далей, але без заробку, — так бы мовіць, «на грамадзкіх асновах». А пра такі варыянт у законе нічога не сказана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG