Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 лістапада 2000 г.


Павал Мажэйка, Прага

(эфір 20 лістапада)
Днямі 14 арганізацыяў беларусаў Польшчы і тамтэйшыя праваслаўныя таварыствы распаўсюдзілі зварот, у якім заяўляюць, што беларусы і праваслаўныя вернікі на Беласточчыне дыскрымінуюцца мясцовымі і цэнтральнымі ўладамі Польшчы.

Зварот быў скіраваны сярод іншага да прэзыдэнта, прэм'ер-міністра, маршалкаў Сойму і Сэнату Рэспублікі Польшча, ў Гэльсынкскі камітэт, Камітэт Эўрапейскай інтэграцыі ды ў Эўрапейскую камісію супраць расізму і неталеранцыі.

Сярод тых арганізацыяў, што падпісалі зварот, найбольш вядомыя такія, як Беларускае грамадзка-культурнае таварыства, Беларускі саюз у Польшчы, Брацтва праваслаўнай моладзі, а таксама дэпутаты парлямэнту Ян Сычэўскі, Сяргей Плева ды мясцовыя і ваяводзкія праваслаўныя радныя. Яны ўпэўненыя, што беларуская меншасьць і праваслаўныя вернікі на Беласточчыне дыскрымінуюцца.

Ужо ўчора прадстаўнік падляскага ваяводы назваў гэты зварот дзікай правакацыяй, а адзін прадстаўнік кансэрватыўна-сьвецкіх колаў Польшчы наагул сказаў, што тут не абыйшлося без рукі Аляксандра Лукашэнкі.

"Нашую глыбокую занепакоенасьць выклікае рост праяваў дэманстрацыйнай неталеранцыі, правакацыі, ксэнафобіі, вандалізму і парушэньня элемэнтарных прынцыпаў грамадзкага сужыцьця ў стасунку да меншасьцей з боку польскай улады, палітычных элітаў, Рымска-каталіцкага касьцёлу і некаторых грамадзянаў," – гаворыцца ў звароце.

Узгадваецца ў звароце і ліст ксяндза Яна Ўрублеўскага дырэктару беластоцкага аддзелу тэлевізіі, дзе ксёндз абвінавачвае апошняга ў надаваньні перавагаў праваслаўнай тэматыцы за кошт каталіцкай.

Непакоіць аўтараў ліста таксама і той факт, што за апошнія колькі год на Беласточчыне пры невысьветленых абставінах згарэлі некалькі праваслаўных цэркваў.

Падляскі ваявода Крыстына Лукашук, як зазначаецца ў звароце, "…сыстэматычна адмаўляе ў якой-кольвек дапамозе беларускім культурніцкім арганізацыям, а таксама Беларускаму музэю ў Бельску Падляскім". Без адказу мясцовых уладаў, упраўленьня адукацыі і дырэкцыі беластоцкіх школаў засталася просьба аб стварэньні магчымасьцяў сьвяткаваньня ў школах праваслаўных сьвятаў паводле юльянскага календару.

Прыкладам дыскрымінацыі на дзяржаўным узроўні зьяўляецца непрыняцьцё закона аб нацыянальных меншасьцях, што азначнае зьмяншэньне дзяржаўных выдаткаў на культуру нацыянальных меншасьцяў. Калі сёлета Польшча на нацыянальныя меншасьці выдаткавала 5 млн 100 тысяч польскіх злотых, дык налета заплянавана толькі 3 млн 700.

З мэтай больш падрабязна, у зьвязку са зваротам, даведацца аб настроях беларусаў Беласточчыны, я зьвярнуўся да аднаго з галоўных падпісантаў ліста, кіраўніка БГКТ і дэпутата польскага Сэйму Яна Сычэўскага:

(Сычэўскі: ) "Пасьля гэтае заявы – вялікі шум у мэдыях. Мушу сказаць, мяне вельмі непакоіць той факт, што некаторыя рэагаваньні зьяўляюцца надалей яшчэ больш нахабнымі, недалікатнымі, пагардлівымі, я б сказаў. З пагардай ставяцца да звароту некаторыя прадстаўнікі мясцовых уладаў".

(Мажэйка: ) "Спадар Сычэўскі, зварот выглядае дастаткова жорсткім для таго, каб узьнікнуць у такой дэмакратычнай дзяржаве, як Польшча…"

(Сычэўскі: ) "Даволі жорсткім, таму што адносіны і працэсы, аб якіх мы гаворым, яшчэ больш жорсткія. Калі, напрыклад, прадстаўнік каталіцкага арцыбіскупа гаворыць, што Беласточчына – гэта бядота, п'янства і Праваслаўе – і гэтага апошняга маем замнога, дык аб чым мы маем гаварыць. Гэта што, нашыя фармулёўкі за жорсткія ў адносінах да такіх сьцьверджаньняў? Гэта, здаецца, і так вельмі далікатна".

(Мажэйка: ) "На якія вынікі з боку польскіх уладаў спадзяюцца беларускія арганізацыі, што падпісалі гэты зварот?"

(Сычэўскі: ) "У гэтым лісьце мы просім аб тым, каб да нацыянальных меншасьцяў, да беларусаў і праваслаўных ставіліся так, як гэта прынята ў дэмакратычнай дзяржаве, і хацелі б вельмі, каб так было. Усё ж-такі мушу сказаць, як дэпутат Сойму, я не спадзяюся на гэта. Таму што няма добрае волі ні з боку ўладаў цэнтральных, ні з боку ўладаў рэгіянальных. Мы ім зусім чужыя. Я б сказаў – ворагі".

Нагадаем, што гэта быў кіраўнік Беларускага грамадзка-культурнага таварыства, дэпутат польскага Сойму Ян Сычэўскі. Ён пракамэнтаваў зварот беларускіх арганізацыяў Беласточчыны, дзе гаворыцца аб дыскрымінацыі беларусаў у Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG