Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лістапада 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Менску пачаўся Першы фэстываль недзяржаўнае прэсы, зарганізаваны Беларускай Асацыяцыяй журналістаў. У ім бяруць удзел прадстаўнікі 46 незалежных беларускіх выданьняў. Галоўная мэта фэстывалю — дэманстрацыя прафэсійнае салідарнасьці журналістаў.

Гэты фэстываль распачаўся са спазьненьнем на два месяцы. Першапачаткова ён меўся адбыцца ў верасьні ў Віцебску, але мясцовыя ўлады адмовілі арганізатарам у памяшканьні. Не далі плёну й перамовы пра арэнду залі з адміністрацыямі Дома літаратараў і Нацыянальнага прэсавага цэнтру. Паразуменьне было знойдзена толькі з Фэдэрацыяй прафсаюзаў, якая прадаставіла будынак Дому вэтэранаў.

У фае гэтага дому сёньня й была разгорнутая выстава-прэзэнтацыя сталічных і рэгіянальных незалежных выданьняў. Фэстываль адкрыла прэзыдэнт Беларускай Асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна. Пасьля яна паведаміла нашаму радыё наступнае:

(Літвіна: ) "Самае галоўнае, відаць, на гэтым фэстывалі, гэта прадэманстраваць яшчэ раз, што мы разам, яшчэ раз нагадаць сябрам сваёй арганізацыі, што на сёньняшні дзень – мы тая сіла, якая можа, якая павінна разьлічваць на давер з боку грамадзянаў да нас. Мы журналісты, мы тая арганізацыя, у якой аб'ядналіся людзі менавіта паводле прыналежнасьці да сваёй прафэсіі. Саме асноўнае для нас сёньня – зьберагчы сваю прафэсію, зьберагчы сваё прызначэньне даваць людзям інфармацыю".

Гэта была прэзыдэнт БАЖ Жана Літвіна.

На адкрыцьці фэстывалю таксама прысутнічалі замежныя госьці, прадстаўнікі журналісцкіх саюзаў Расеі ды Летувы Аляксандар Капейка й Вілюс Каваляўскас, расейскага ПЭН-цэнтру Аляксандар Ткачэнка й прадстаўніца міжнароднай праваабарончай арганізацыі "Article-19" Соф'я Паксьлі. У фэстывалі ўдзельнічае шмат рэгіянальных выданьняў. Гаворыць намесьнік галоўнага рэдактара гарадзенскае газэты "Біржа інфармацыі" Міхал Карневіч:

(Карневіч: ) "Трэба бачыць, што робіш ты, і што робяць твае калегі. Праўнаць – у прафэсійным сэнсе гэта найбольш патрэбна. Сёньня найбольш актуальнае пытаньне – абарона правоў журналіста. І калі мы не аб'яднаемся і ня будзем разам, то нас папросту можа і ня быць. Гэта вельмі важна".

Лічыць спадар Карневіч.

Абарона правоў журналістаў ёсьць адной з асноўных тэмаў фэстывалю. Цэнтральнае месца на выставе заняў вялікі партрэт зьніклага апэратара расейскага тэлеканалу ОРТ Зьмітра Завадзкага, а ўдзельнікам і гасьцям фэстывалю былі раздадзеныя паведамленьні прэсавае службы БАЖ. У іх гаворыцца пра рэпрэсіі ўладаў супраць рэдакцыі "Новае газэты Смаргоні", паведамляецца пра абрабаваньне рэдакцыі незалежнае газэты "Шаг" у Баранавічах, а таксама пра распачатую перарэгістрацыю газэтаў, якая можа прывесьці да закрыцьця многіх выданьняў.

У рамках фэстывалю сёньня адбылося ўзнагароджаньне журналістаў. Дыплём імя Ўладзімера Караткевіча "За прафэсійную мужнасьць і пасьлядоўнасьць у адстойваньні прынцыпаў свабоды слова" атрымала галоўная рэдактарка газэты "Беларуская маладзёжная" Тацяна Мельнічук. Яшчэ 10 дыплёмаў БАЖ у намінацыі "За адданасьць прафэсіі" ўручаныя рэдакцыйным калектывам "Нашай свабоды", "Беларускага рынку", "Комсомольской правды в Беларуси" , "Гомельскай думкі" ды іншых выданьняў. Прызы за журналісцкае майстэрства таксама ўручалі прадстаўнікі Фэдэрацыі прафсаюзаў, Саюзу прадпрымальнікаў, АГП ды іншых.

У часе фэстывалю таксама адбудуцца сустрэчы журналістаў з чытачамі і нарада галоўных рэдактараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG