Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лістапада 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Кіраўнік Беларусі стаў героем чарговага скандалу. Тамара Рохліна, удава дэпутата Дзяржаўнае думы Расеі генэрала Льва Рохліна, заявіла, што Аляксандар Лукашэнка дапамагаў генэралу грашыма на арганізацыю «выступу сілавікоў Расеі». Беларускія чыноўнікі абвяргаюць заяву Рохлінай, а многія палітыкі лічаць яе сьцьверджаньні цалкам праўдападобнымі.

Сёньня суд расейскага гораду Нара-Фамінску прызнаў Тамару Рохліну вінаватай у наўмысным забойстве й прысудзіў яе да васьмі гадоў пазбаўленьня волі. У сваім апошнім слове Рохліна заявіла, што ейны муж, якія ўзначальваў «Рух у падтрымку арміі», «рыхтаваў масавы мірны выступ сілавікоў Расеі».

Як адзначыла Рохліна, пра акцю пратэсту ведалі Генадзь Зюганаў, Віктар Ілюхін, Альберт Макашоў ды іншыя. Ведаў пра акцыю і Аляксандар Лукашэнка, які дапамагаў Рохліну грашыма для гэтай мэты. Паводле Тамары Рохлінай, ураніцу 3 ліпеня 1999 году, у дзень забойства, Леў Рохлін меўся паехаць у Беларусь да Лукашэнкі.

Заява Рохлінай выклікала вельмі нэрвовую рэакцыю беларускага кіраўніцтва. Літаральна празь некалькі гадзінаў у інтэрвію "Интерфаксу" кіраўнік адміністацыі Лукашэнкі Міхал Мясьніковіч назваў цьверджаньні Тамары Рохлінай абсурднымі. "Ні пра якое фінансаваньне якіх-небудзь палітычных арганізацыяў або акцыяў у Расеі з боку Беларусі ня можа йсьці размовы. Гэта проста немагчыма", — сьцьвярджае Мясьніковіч. Безпадстаўнымі й некарэктнымі назваў заявы Рохлінай і прэсавы сакратар Лукашэнкі Мікола Барысевіч. Ён таксама паведаміў, што сустрэча Лукашэнкі й Рохліна 3 ліпеня не плянавалася.

Беларускія журналісты цудоўна ведаюць, што Мікола Барысевіч ніколі не дае аніякага камэнтару без дазволу зьверху — так што відавочна, што і Барысевіч, і Мясьніковіч так імгненна й сынхронна абвяргалі Тамару Рохліну, выконваючы загад самога Лукашэнкі.

Беларускія палітыкі па-рознаму ацэньваюць заяву ўдавы генэрала Рохліна — хтосьці лічыць яе малаверагоднай, хтосьці — цалкам праўдападобнаю. Гаворыць лідэр ПКБ Сяргей Калякін:

"Мне цяжка камэнтаваць, тым больш, што я не знаёміўся дасканала з гэтай справаю. Але я сумняюся, што жонка Рохліна, калі б нават нешта й было, была б дасьведчаная ў гэтых пытаньнях. Хутчэй Расея можа фінансаваць нейкія рухі ці палітыкаў у нас, чым наадварот. Увогуле, я ня бачу аніякага сэнсу з пункту гледжаньня Лукашэнкі фінансаваць іх. Яшчэ раз кажу — я ў гэта ня веру".

Іншую думку пра абгрунтаванасьць заявы Рохлінай мае намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) ""Калі мы ўспомнім, у які час адбываліся гэтыя падзеі, то становіцца відавочна, што ў той час Лукашэнка, напэўна, яшчэ спадзяваўся на тое, што ён яшчэ будзе гуляць на расейскай палітычнай прасторы. У той час Лукашэнка шукаў прыхільнікаў у Расеі, якія былі незадаволеныя расейскім урадам. Ну, безумоўна, ён хацеў змагацца за пасаду вышэйшага кіраўніка на магчымых расейскіх прэзідэнцкіх выбарах . Ён і сам не хаваў, гэта было відавочна. І таму мне здаецца, што гэта вельмі падобна на праўду. Як яно там было, сказаць цяжка, але заявы афіцыйных прадстаўнікоў, аб тым, што гэта немагчыма, не падтрыманыя ніякой аргумэнтацыяй, гэта проста яны заявілі, што гэтага ня можа быць, таму што ня можа быць ніколі."

Цікава таксама адзначыць, што абвержаньні кіраўніка адміністрацыі і прэсавага сакратара Лукашэнкі былі накіраваныя выключна для расейскага спажыўца — яны не зьявіліся ў беларускіх дзяржаўных газэтах і ў тэлевізійнай праграме "Панарама". Відавочна, улады жадаюць, каб гэтая вельмі непрыемная для кіраўніцтва Беларусі скандальная гісторыя засталася незаўважанай у беларускім грамадзтве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG