Выйшаў чарговы нумар газэты "Рабочы". На першай старонцы чарговага нумару беларускага штотыднёвіка "Рабочы" – твары тых, хто 12 лістапада выйшаў на вуліцу пад лёзунгам "Пераменаў!" Акцыю пратэсту з адпаведнай назвай ладзіла па ўсёй краіне кааліцыя маладзёвых арганізацыяў, якія месяц таму аб'ядналіся дзеля сумесных дзеяньняў. Моладзь Беларусі больш ня хоча пакутваць ад сацыяльнай і эканамічнай неўладкаванасьці ды адсутнасьці пэрспэктываў. У сталіцы акцыя скончылася жорсткай расправай міліцыянтаў над яе ўдзельнікамі, сярод якіх было шмат непаўнагадовых. Зразумела: цяпер, калі Лукашэнка скалаціў сабе паслухмяны парлямэнт, няма больш патрэбы прыкідвацца перад Захадам. Так званы "пэрыяд даверу" на Беларусі скончыўся, аб чым улады недвухсэнсоўна папярэджваюць апазыцыю. Падрабязнаcьці пра правядзеньне маладзёвай акцыі – на старонцы "Маё права". Дыяграмы, што ілюструюць суадносіны памеру заробку беларускіх настаўнікаў у дачыненні да памеру сярэдняга заробку ў вытворчасьці адсылаюць чытача на шостую старонку нумара. Там друкуецца заява пэдагагічных работнікаў у Адміністрацыю прэзідэнта і ў Савет Міністраў з патрабаваньнем выкананьня Закону "Аб адукацыі", прынятага яшчэ ў 1991-м годзе, праграмы "Настаўнік", а таксама шматлікіх абяцаньняў адказных работнікаў у адносінах да паляпшэньня становішча работнікаў адукацыі. Толькі па Менску пад заявай сабрана больш як 30 тысячаў подпісаў. Сытуацыю камэнтуе старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Беларускага прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі Анатоль Паўлаў. Пад рубрыкай "Зборны цэх" у дыскусію аб месцы і ролі прафсаюзаў у сучасным жыцьці Беларусі ўступае старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу і адначасова прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакрачытных прафсаюзаў Віктар Бабаед. Госьць рубрыкі праводзіць шмат гістарычных зьвестак і аналёгіяў з гісторыі сусьветнага прафсаюзнага руху, выказвае ўласныя меркаваньні ў такіх пытаньнях, як "глябалізацыя і прафсаюзы", "дэмакратыя і прафсаюз" і інш. На цэнтральным развароце газэты – аповед пра маладога аматара нацыянальнага старажытнага мастацтва батлейкі. Гаспадара сучаснай батлейкі завуць Скіргайлам, а наш аповед так і называецца "Пра Скіргайлу". З разважаньнем аб выбарчых падзеях ва ўсім сьвеце і ў Беларусі выступае палітоляг Уладзімер Мацкевіч. Галоўнае, што вынікае з артыкула "Чаго хочаш выбірай! А чаго ж мы хочам? Ці разумеем?" можна вызначыць наступнымі словаміі: "…у будучых выбарах хутчэй за ўсё мы атрымаем новага прэзідэнта. Праблема толькі ў тым, ці мы яго абярэм самі, такога, які патрэбны Беларусі і яе грамадзянам, ці новага прэзідэнта нам навяжа Расея?… А чаго хочам мы?". Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты
"Рабочы"
"Рабочы"