Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 лістапада 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора прэм'ер Ізраіля Эхуд Барак правёў у Вашынгтоне дзьвюхгадзінную сустрэчу з прэзыдэнтам ЗША Клінтанам. Паводле аглядальнікаў, перамовы, накіраваныя на спыненьне гвалту і нармалізацыю абстаноўкі ў рэгіёне, скончыліся амаль нічым. У міжчасе палестынскі лідэр Арафат заклікаў працягваць паўстаньне супраць ізраільскай акупацыі.

Паводле прадстаўніка Белага Дому, "Клінтан і Барак згадзіліся ў тым, што канфлікт на Блізкім Усходзе ня можа быць вырашаны ваенным шляхам".

"Джыхад, гэта ня выйсьце з сытуацыі" – адзначыў ізраільскі прэм'ер. Аднак, незважаючы на некаторае паразуменьне, ён не абяцаў Клінтану, што ізраільскія войскі будуць паўстрымоўвацца ад ўжыцьця сілы ў адказ на палестынскія атакі. Белы Дом паўторна нагадаў Ізраілю і палестынскаму кіраўніцтву, што яны павінны найперш выканаць свае абяцаньні, зробленыя ў часе перамоваў у Шарм-эль-Шэйк. Гэта значыць, што Арафат павінен заклікаць палестынцаў да адмаўленьня ад гвалту, а Ізраіль павінен адвесьці свае танкі ад палестынскіх гарадоў. Барак падкрэсьліў, што ягоныя перамовы ў Вашынгтоне былі засяроджаныя найперш на ўмацаваньні ізраільска-амэрыканскіх адносінаў. Ізраіль, акружаны варожымі дзяржавамі, разьлічвае на падтрымку з боку ЗША, але й сам падтрымоўвае глябальныя інтарэсы Злучаных Штатаў.

Перамовы Клінтана і Барака азмрочылі выказваньні Арафата ды іншых ісламскіх лідэраў у Катары. Паўстаньне на палестынскіх тэрыторыях, а таксама статус Усходняга Ерузаліму, здамінавалі ўчорашняе адкрыцьцё гэтага трохдзённага ісламскага саміту з удзелам 56 краінаў.

"Незважаючы на вялізныя страты ў людзях, больш за 200 пакутнікаў і звыш 9 тысячаў параненых, наш народ, больш чым калі-небудзь раней, поўны рашучасьці працягваць нашае змаганьне ў рамках паўстаньня Аль Акса з дапамогай нашых братоў у веры і сяброў. Гэта паўстаньне за праўду і справядлівасьць, мэта якога – незалежнасьць і вызваленьне з-пад брутальных кіпцюроў ізраільскай акупацыі. Наш народ сьведамы значэньня тых ахвяраў, якія прыйдзецца панесьці дзеля дасягненьня гэтай мэты," – сказаў Арафат.

Палестынскі лідэр спрабаваў заручыцца падтрымкай для барацьбы свайго народу з боку ўсяго іслямскага сьвету, але нельга сказаць, што поўнасьцю гэта яму ўдалося. Стаўленьне ісламскіх краінаў да Ізраіля ў сьвятле цяперашняй "малой інтыфады" неадназначнае. Пазыцыя Судану, Ірану і Іраку моцна адрозьнівалася ад памяркоўных краінаў такіх, як Ярданія, Егіпет і Турцыя. Да антыізраільскага блёку неспадзявана далучылася нават Саўдаўская Аравія, саюзьнік ЗША на Блізкім Усходзе. Прынц Абдулла заявіў, што іншыя ісламскія краіны павінны парваць усе адносіны з Ізраілем. Не пагадзіліся з гэтым каля 20-ці іншых краінаў. У сваю чаргу Судан наагул заклікаў да джыхаду, сьвятой вайны супраць Ізраіля.

На гэта, генэральны сакратар ААН Кофіі Аннан адказаў, што мара палестынцаў аб незалежнасьці можа зьдзейсьніцца толькі шляхам мірнага працэсу.

Прэзыдэнт Ірану Хатамі, якія зараз старшынюе ў Арганізацыі Ісламскіх краінаў, назваў Ізраіль "тэрарыстычным, расісцкім і сыянісцкім рэжымам" і заклікаў удзельнікаў канфэрэнцыі да больш рашучых дзеяньняў з мэтай пакараньня гэтай краіны. Ён выступіў з маларэальнай прапановай новага мірнага пляну. Паводле Хатамі, на тэрыторыях гістарычнай Палестыны павінна быць створаная шматнацыянальная і шматрэлігійная дзяржава. Усе палестынскія ўцекачы павінны вярнуцца дамоў, а прадстаўнікі ўсіх трох рэлігіяў: габрэі, хрысьціяне і мусульмане павінны акрэсьліць пытаньне палітычнага статусу краіны ў рэфэрэндуме.

У кожным разе, ў заключным камюнікэ, ўдзельнікі канфэрэнцыі будуць прапаноўваць сваім урадам, прынамсі, абмежаваць іхныя кантакты з Ізраілем.

Учора ля кантрольна-прапускнога пункту паміж Ізраілем і сэктарам Газы быў застрэлены 15-гадовы палестынец, 206-я ахвяра
паўтарамесячнага канфлікту. У адказ сілы гэтак званага "пакутнікаАмара Аль Махтара" з сядзібай ў Дамаску прызналіся да нападу на ізраільскі канвой ў сэктары Газа. Пад абстрэл каля гораду Гэброн трапіў нават канвой Вярхоўнага Камісара ААН у справах правоў чалавека Мэры Робінсан, якая прыбыла для азнаямленьня на месцы з сытуацыяй у галіне правоў чалавека. На жаль, яна не зьмянілася да лепшага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG