Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лістапада 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Зьняты арышт з рахунку беларускае прыватнае друкарні «Мэджык». Аднак па-ранейшаму пад арыштам знаходзіцца абсталяваньне фірмы, якое належыць Нью-Ёркскаму Інстытуту «Адкрытае грамадзтва». Істытут падаў пазоў у Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі на дзеяньні падатковай інспэкцыі Ленінскага раёну Менску.

«Мэджык» — адзіная ў Беларусі недзяржаўная друкарня, якая выпускае незалежныя грамадзка-палітычныя газэты. Там сёньня друкуюцца "Народная Воля", "БДГ", "Рабочы" — усяго каля 20 незалежных выданьняў. Калі ўладам удасца паралізаваць працу «Мэджыка», усе гэтыя газэты вымушаныя будуць друкавацца за мяжою краіны — бо ў дзяржаўных друкарнях шлях ім зачынены.

16 кастрычніка, на другі дзень пасьля першага туру гэтак званых парлямэнцкіх выбараў, улады нанесьлі па «Мэджыку» двайны ўдар. Камітэт фінансавых расьсьледваньняў Першамайскага раёну Менску закрыў рахунак гэтага прадпрыемства, а падатковая інспэкцыя Ленінскага раёну сталіцы арыштавала абсталяваньне фірмы.

Генэральны дырэктар «Мэджыка» Юры Будзько паведаміў для радыё Свабода:

(Будзько: ) «Сёньня зьняты арышт з нашага рахунку. Хаця мы яшчэ не атрымалі банкаўскае прадпісаньне, але ведаем, што такое рашэньне прынятае. Гэта я разглядаю як сур'ёзную перамогу, і перш за ўсё, як пацьверджаньне, што фірма аказалася чыстай і моцнай.

Усё гэтае шматмесячнае спраўджваньне, разгляд пад мікраскопам усіх дакумэнтаў справаводзтва, у выніку нічога ім не дала, аніякай інфармацыі. За намі не знайшлі аніякага крыміналу, сур'ёзных парушэньняў — гэта значыць, няма аніякіх прычынаў трымаць рахунак арыштаваным», — паведаміў дырэктар «Мэджыка» Юры Будзько.

Па-ранейшаму аднак ня зьняты арышт з друкарскага абсталяваньня «Мэджыка», якое было аддадзена друкарні ў арэнду Нью-Ёркскім Інстытутам «Адкрытае грамадзтва». 16 кастрычніка падаткавая інспэкцыя Ленінскага раёну Менску апісала друкарскую машыну «Мэджыка» коштам каля 500 тысячаў даляраў, заявіўшы, што яна павінна пайсьці ў лік пагашэньня запазычанасьці перад беларускай дзяржаваю з боку Беларускага Фонду Сораса. Сам Фонд катэгарычна адмаўляе існаваньне такое запазычанасьці.

Але ў любым выпадку, менавіта Інстытут «Адкрытае грамадзтва», а не Беларускі Фонд Сораса, зьяўляецца сапраўдным уладальнікам захопленага абсталяваньня. Юрыдычна Беларускі Фонд Сораса ня мае ніякага дачыненьня да Інстытуту «Адкрытае грамадзтва», і таму любыя дзеяньні над маёмасьцю Інстытуту зьяўляюцца простым парушэньнем права на ўласнасьць.

Таму Інстытут 2 лістапада падаў пазоў у Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі на дзеяньні падатковай інспэкцыі Ленінскага раёну. Віктар Гараднюк, які будзе прадстаўляць інтарэсы Інстытуту, паведаміў радыё Свабода, што Інстытут «Адкрытае грамадзтва», патрабуе прызнаць несапраўднай пастанову падаткавай інспэкцыі. Паседжаньне прызначанае на 30 лістапада.

Фінансыст і філянтроп Джордж Сорас, старшыня Інстытуту "Адкрытае грамадзтва" публічна асудзіў дзеяньні Лукашэнкі: "Рэжым Лукашэнкі, які зноў паспрабаваў задушыць незалежную прэсу, — заявіў Сорас, — на гэты раз спакусіўся й на прыватную ўласнасьць. Гэта зьяўляецца папярэджаньнем усім патэнцыйным інвэстарам ня мець справаў зь Беларусьсю".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG