Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лістапада 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Рэчыцкі гарадзкі суд пацьвердзіў абгрунтаванасьць высноваў назіральніка аб'яднаньня "Грамадзянскія ініцыятывы" Зураба Барбакадзе адносна парушэньня выбарчага заканадаўства ўчастковай камісіяй №22 акругі 46-й у выбарах дэпутатаў у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў". Старшыня ўчастковае камісіі, дырэктарка школы Алена Сыч аштрафаваная на 4 мінімальныя заробкі — 14 тысячаў 400 рублёў.

Акт пра парушэньні сябрамі ўчастковае камісіі выбарчага заканадаўства назіральнік з Рэчыцы Зураб Барбакадзе склаў яшчэ пад час першага туру выбараў. Паводле ягонае высновы, сябры камісіі Валеры Васюк, Алена Баброўнік ды Іван Бядзюк фальшавалі вынікі галасаваньня — штучна падвысілі ня менш як на 130 асобаў колькасьць грамадзянаў, якія ўзялі ўдзел у выбарах.

Факты доўга спраўджвала пракурорка абласное пракуратуры Марыя Чарнабай разам з супрацоўнікамі мясцовае міжраённае пракуратуры. З трохсот апытаных выбаршчыкаў шасьцёра пацьвердзілі, што асабіста не прыходзілі на ўчастак галасаваць за кандыдатаў у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў". Далей пракуратура ня стала паглыбляцца ў тэму фальшаваньня.

Ужо апасьля другога туру галасаваньня пракурор вобласьці Алег Палавінка накіраваў у Рэчыцкі гарадзкі суд адміністрацыйную справу ў адносінах старшыні ўчастковае камісіі Алены Сыч пра парушэньне артыкулу 167, часткі трэцяй Адміністрацыйнага кодэксу — прадастаўленьне магчымасьці адной асобе галасаваць за другую.

На падставе матэрыялаў пракуратуры выконваючы абавязкі старшыні суду Аляксандар Матарас і аштрафаваў Алену Сыч на 4 мінімальныя заробкі.

Гэта адзіны зь дзясяткаў выяўленых назіральнікамі фактаў фальшаваньня выбараў у рэгіёне, на які са спазьненьнем, але хоць нейкім чынам адрэагавалі праваахоўныя ворганы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG