Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лістапада 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Да гэтай хвіліны канчатковы вынік прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі застаеца невядомы. Паводле неафіцыйных падлікаў, Буш апярэджвае Гора на 1 655 галасоў, але сытуацыя можа зьмяніцца.

Кандыдат ад Дэмакратычнай партыі, цяперашні віцэ-прэзыдэнт Альбэрт Гор, набраў 270 галасоў выбаршчыкаў з 538. Кандыдат ад рэспубліканцаў, губэрнатар штату Тэхас Джордж Буш набраў 246 галасоў. Каб стаць прэзыдэнтам, трэба набраць ня менш як 270 галасоў выбаршчыкаў.

Вызначальнымі будуць вынікі галасаваньня ў штаце Флёрыда, які прадстаўлены калегіяй выбаршчыкаў з 25 чалавек. Паводле закону штату, калі розьніца ў колькасьці галасоў супернікаў складае менш за палову адсоткі, галасы пералічваюцца, калі толькі канкурэнт, які набраў меней галасоў, не прызнае сам сваю паразу. І гэта якраз сёньняшні выпадак: Гор спачатку павіншаваў Буша з перамогай, а потым адклікаў віншаваньне да моманту атрыманьня вынікаў канчатковага падліку галасоў. Пад час пераліку будуць ўлічаныя і тыя галасы, якія прыслалі па пошце жыхары Флёрыды, якія цяпер знаходзяцца па-за межамі. Падлікі такіх галасоў могуць ўзяць да дзесяці дзён.

Як паведамляе БелаПАН, большасьць прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў ЗША падтрымлівалі менавіта сп. Буша. Паводле словаў Рамана Кардонскага, сябра Рады БНР і старшыні аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня штату Новая Англія, у беларускай дыяспары традыцыйна больш плённае супрацоўніцтва з Рэспубліканскай партыяй. На думку сп. Кардонскага, менавіта пазыцыя Кангрэсу ЗША, дзе большасьць маюць рэспубліканцы, вызначае жорсткую пазыцыю Злучаных Штатаў Амэрыкі да сёньняшніх беларускіх уладаў.

Нагадаем, што ў верасьні Джордж Буш даслаў прывітальны ліст Зьезду беларусаў Паўночнай Амэрыкі, які прайшоў у Кліўлендзе (штат Агаё). Зьезд наведалі вядомыя палітыкі Рэспубліканскай партыі, сэнатар Джордж Вайновіч, губэрнатар штату Боб Тафт, якія спаткаліся са Старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвіллай, Старшынёй Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Сямёнам Шарэцкім і лідэрам Беларускага Народнага Фронту Зянонам Пазьняком.

Выступаючы раніцай 8 лістапада на імпрэзе ў Менску з нагоды выбараў, пасол ЗША ў Беларусі Майкл Козак заявіў: ён спадзяецца, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў наступным годзе будуць такімі ж свабоднымі і справядлівымі, як амэрыканскія. Пры гэтым пасол падкрэсьліў, што ЗША не спрабуюць нікому навязаць сваю палітычную і, тым больш, выбарчую сыстэму. Але маючы шмат нацыянальных асаблівасьцяў, дэмакратычныя выбарчыя сыстэмы ва ўсім сьвеце маюць агульныя рысы, лічыць сп. Козак. Сярод такіх рысаў – роўныя магчымасьці для "партыі ўлады" і апанэнтаў кіруючай партыі, у тым ліку роўны доступ да сродкаў масавай інфармацыі, а таксама незалежнасьць тых, хто арганізуе выбары ці роўнае прадстаўніцтва ў выбарчых органах для прыхільнікаў і апанэнтаў улады.

Паводле словаў пасла, на сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Ўралам Латыпавым ён прывёў параўнаньне футболу і амэрыканскага футболу ў якасьці аналёгіі па агульных прынцыпах выбараў. Хоць гэта і абсалютна розныя гульні, але ў кожнай зь іх каманды выстаўляюць аднолькавую колькасьць гульцоў, гуляюць па агульных правілах, а судзьдзі не павінны быць прыхільнікамі адной з каманд.

"Калі выбары адбудуцца ў адпаведнасці з гэтымі ўнівэрсальнымі прынцыпамі, якія больш дэталёва былі вызначаныя Арганізацыяй бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, і калі абраныя ўлады будуць паважаць правы тых, хто прайграе, мы прызнаем гэтыя ўлады законнымі прадстаўнікамі беларускага народу незалежна ад таго, хто пераможа на выбарах," – заявіў пасол ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG