Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лістапада 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Прадстаўнікі незарэгістраванае Беларускае партыі Свабоды намагаліся правесьці несанкцыяны пікет ля амбасады Нямеччыны.

Сёньня апоўдні ў Менску ля нямецкай амбасады на вуліцы Захарава зьявілася некалькі міліцыянтаў. Празь некалькі хвілінаў сюды ж падыйшлі прадстаўнікі Партыі Свабоды на чале са сваім лідэрам Сяргеям Высоцкім. На пытаньне нашага радыё — чаму яны вырашылі пікетаваць амбасаду ФРН? — адказвае Сяргей Высоцкі:

(Высоцкі: ) "Таму што спадар Вік вядомы сваімі, я б сказаў, правакацыйнымі выказваньнямі ў апошні час. Да таго ж Нямеччына якраз задае гэтую ноту як бы асаблівых адносінаў з Лукашэнкам. Асаблівыя адносіны з дыктатарам – гэта тое, чым ганарылася ранейшая хваля эўрапейскай палітыкі, якая цалкам усё прайграла. Гэта чэмберленаўская хваля, яна зараз у Эўропе аднаўляецца. Некаторыя вельмі вядомыя беларускія палітыкі вельмі ганарацца, што ў іх асаблівыя адносіны з Лукашэнкам".

Пад час нашае размовы зь Сяргеем Высоцкім сябры Партыі Свабоды разгарнулі плякаты наступнага зьместу: "Не — трэцяму Рыму, Не — чацьвертаму райху", а таксама плякат з выяваю фашыстоўскае сымболікі з надпісам "РУРГАЗ — ГАЗПРОМ", "Молатаў — Рыбентроп, Вік — Іваноў"…

Міліцыянты кінуліся да пікетоўцаў і вырвалі ў іх плякаты на вачох тэлеапэратараў і фотакарэспандэнтаў. Яны запатрабавалі, каб усе разыйшліся, і пачалі выштурхоўваць сяброў партыі ад агароджы амбасады да праезнае часткі, куды у гэты момант пад'ехалі два міліцэйскія "варанкі". Але старэйшы зь міліцыянтаў па рацыі атрымаў нейкі загад, зьбянтэжыўся і адпусьціў машыны без затрыманых… Хлопцы не чакалі новае каманды й пачалі разыходзіцца.

А міліцыянты скіравалі свой імпэт на журналістаў: перашкаджалі фотакарэспандэнтам, захіналі камэру здымачнай групе НТВ, матывуючы гэта тым, што нібыта трэба мець адмысловы дазвол. Калі ж карэспандэнт НТВ Аляксандар Калпакоў спытаў, паводле якога закону не даюць працаваць, малады сэржант міліцыі на хвілінку задумаўся і адказаў: "Чытайце Венскую канвенцыю!".

Неўзабаве з будынку амбасады выйшоў ахоўнік, які паведаміў, што ніхто з супрацоўнікаў амбасады да пікетоўцаў ня выйдзе, і паабяцаў, што перадасьць прэс-рэліз ПБС асабіста амбасадару.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG