Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Беларусь імкнецца стаць цэнтрам электроннага гандлю ва Ўсходняй Эўропе. Ужо да канца гэтага году прапускная здольнасьць інтэрнэт-каналаў у краіне будзе павялічаная ў 2,5 разы. Сяргей Посахаў заяўляе, што разьвіцьцё Iнтэрнэту — гэта адказ на чаканьне пераменаў у беларускім грамадзтве.

Падобна на тое, што ідэя разьвіцьця сучасных інфармацыйных тэхналёгіяў, і найперш — глябальнае сеткі інтэрнэт, усур'ёз захапіла беларускае кіраўніцтва. Дастаткова нагадаць той факт, што калі ў сярэдзіне кастрычніка ў Менску праходзіла Міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная электроннаму гандлю, Аляксандар Лукашэнка асабіста сустрэўся зь ейнымі ўдзельнікамі. У Беларускім урадзе рыхтуецца адмысловая нацыянальная праграма разьвіцьця электроннага бізнэсу. Здаецца, афіцыйны Менск сапраўды ахапіла ідэя зрабіць Беларусь цэнтрам электроннага гандлю ва Ўсходняй Эўропе.

Каб чарговы раз давесьці да грамадзтва значнасьць гэтай ідэі, сёньня у Нацыянальным прэс-цэнтры прайшоў брыфінг для прэсы. Важнасьць аб'яўленае тэматыкі падмацоўвалася прысутнасьцю памочніка прэзыдэнта Сяргея Посахава і фуршэтам для журналістаў. "Праект стварэньня ў Менску цэнтра электроннага гандлю — гэта адказ на тое чаканьне пераменаў, якое сфармавалася ў нашым грамадзтве. Але гэта станоўчы адказ", — падкрэсьліў Посахаў у сваім уступным слове.

Барыс Паньшын, прэзыдэнт Міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня садзеяньня электроннаму гандлю, параўнаў Беларусь зь Японіяй і выказаў упэўненасьць, што бліжэйшымі гадамі Беларусь стане дзяржаваю высокіх тэхналёгіяў.

Генэральны дырэктар кампутаровае фірмы "BelHard Group" Ігар Мамонька казаў пра ашалямляльныя тэмпы разьвіцьця інфармацыйных тэхналёгіяў у краіне.

Безумоўна, хацелася б падзяліць гэткую бадзёрасьць чыноўнікаў і бізнэсмэнаў, але йснуючая статыстыка пакуль не дае падставы для ружовага аптымізму. Як паведаміла надоечы Міністрэства сувязі Беларусі, колькасьць кампутараў, падключаных да інтэрнэту, сапраўды павялічылася ў гэтым годзе амаль у чатыры разы. Аднак гэтая лічба дасягнула ўсяго 30 тысячаў — 0,3 адсоткі колькасьці жыхароў краіны. У Польшчы й балтыйскіх краінах гэтая лічба, якая ўвесь час мяняецца, дасягае некалькіх адсоткаў — іншымі словамі, у дзясяткі разоў больш, чым у Беларусі.

Зрэшты, кардынальна паўплываць на сытуацыю, магчыма, здолее павелічэньне прапускное здольнасьці беларускіх камунікацыйных сетак. Як паведаміла на сёньняшнім брыфінгу намесьнік міністра сувязі Любоў Пакрышка, да канца 2000 году гэтая здольнасьць можа вырасьці з 12 да 30 мегабіт. Што, безумоўна, заахвоціць карыстальнікаў інтэрнэту зьмяшчаць свае сайты менавіта на беларускіх сэрвэрох, а не амэрыканскіх ці эўрапейскіх. Гэта сапраўды можа азначаць пэўны якасны прарыў у беларускім сэктары ўсясьветнага сеціва.

Тады, напэўна, беларускі ўрад да сваіх прыярытэтаў (экспарт, харчовыя прадукты, жыльлё) зможа дадаць яшчэ адзін — інтэрнэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG