Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

Напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Лівійскую Джамахірыю з гэтай краіны вярнуліся на радзіму каля сарака маладых беларускіх будаўнікоў. Яны на пачатку лета езьдзілі на заробкі ў горад Тобрук, спакушаныя на тое прадстаўнікамі цэнтру занятасьці моладзі Менскага абкаму БПСМ. Бальшыня завэрбаваных атрымалі за чатыры месяцы нялёгкае працы ў некалькі разоў меней, чым ім абяцалі паводле кантракту. А некаторыя вярнуліся з Афрыкі ўвогуле бяз грошай.

Бяз грошай, не дачакаўшыся канца кантракту, вярнуліся менчукі Віктар Шабан, Сяргей Захожы й Васіль Бельчык. Астатнія маладыя будаўнікі зь Менскай, Магілеўскай і Гарадзенскай вобласьцяў усё ж адпрацавалі свае чатыры месяцы.

Як распавёў мне Віктар Шабан, вярбоўшчыкі спачатку запісалі ў кантракт суму 400 даляраў. Затым кантрактныя дакумэнты былі адабраныя: маўляў, іх хочуць перагледзець у бок павелічэньня — ажно да васьмісот даляраў. Прадугледжвалася й мэдычная страхоўка…

Аднак на месцы, у лівійскім горадзе Тобруку на будаўніцтве мэдычнага комплексу, пачаліся сюрпрызы. Па-першае, у кантрактах зьявілася сума ўсяго 260 даляраў. Па-другое, пункт пра мэдычную страхоўку з дакумантаў зьнік. Па-трэцяе, пашпарты назад не аддаваліся. Па-чацьвертае, неўзабаве надарылася эпідэмія гэпатыту сярод брыгады паўночных карэйцаў, якія былі хуценька эвакуяваныя дадому. Па-пятае, на ўвесь комплекс быў толькі адзін пад'ёмны кран, і даводзілася пераносіць будаўнічыя матэрыялы на высокія паверхі ўручную. І, нарэшце, беларусы дазналіся, колькі на самрэч каштуе гэткая праца ў афрыканскіх умовах: побач працавала брыгада югаславаў, якім фірма плаціла па паўтары тысячы даляраў штомесяц.

Гэта ўсё й змусіла Віктара Шабана, Сяргея Захожага ды Васіля Бельчыка вярнуцца, не адбыўшы да канца кантрактны тэрмін. Астатнія 36 чалавек, якім затым кантрактную суму зьменшылі яшчэ на 10 даляраў, вырашылі ў Тобруку застацца да канца. Для іх і такія грошы былі нейкім заробкам…

Як ацэньвае гэты выпадак сакратар абкаму БПСМ Віталь Купрык, які кантралюе дзейнасьць цэнтру занятасьці моладзі? Як ён паведаміў радыё Свабода, ва ўсім, на ягоную думку, вінаватыя самі спадары Шабан, Захожы й Бельчык — яны, маўляў, шукалі прычыны, каб не працаваць. Можна, маўляў, было ім, як і астатнім, абыйсьціся без мэдычнае страхоўкі ды задаволіцца нават такім заробкам, які яны наўрад ці здолеюць зарабіць на беларускіх рыштаваньнях.

Галоўны спэцыяліст Камітэту працы Менскага абласнога выканкаму Валянцін Баранаў распавядае пра тое, што БПСМ ня мае права займацца вярбоўкаю людзей, што, тым ня меней, Менскі абкам БПСМ настойліва хадайнічае перад Камітэтам па працы пра выдачу ім гэткай ліцэнзыі. Але лукамольцам усё сыходзіць з рук, бо іхны «дах» – адміністрацыя Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG