Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 кастрычнiка 2000 г.


Алена Радкевіч, Прага

Парлямэнт Малдовы нядаўна прагаласаваў за прыватызацыю вельмі важных для краіны вінаробчай і тытунёвай прамысловасьці. Гэты крок – адзін з найбольш істотных у дасягненьні мэты Малдовы: пераканаць міжнародныя фінансавыя арганізацыі працягваць крэдытаваньне ейнай эканомікі.

На першы погляд, невялікая і зьнясіленая Малдова наўрад ці зьяўляецца лепшым прыкладам пасьпяховых эканамічных пераўтварэньняў у постсавецкіх краінах. Заціснутая паміж значна большымі Ўкраінай і Румыніяй, краіна ў 89-ым годзе раптам убачыла, што ейная эканоміка скарацілася на траціну. Сёньняшні сярэдні заробак складае 16 даляраў на месяц, беспрацоўе – 15%. Затрыманьне пэнсіяў ды іншых выплатаў – звычайная зьява. І гэта ўсё адбываецца ў дадатак на тле актыўнага сэпарацісцкага руху расейскамоўнага Прыднястроўя.

Але, паводле прадстаўніка Ўсясьветнага Банку ў Малдове Карласа Элберта, будучыня гэтай краіны выглядае аптымістычна, бо Малдова зрабіла шэраг добрых эканамічных захадаў. Паводле Элберта, найбольш плённым было рашэньне прыватызаваць энэргэтычную галіну.

(Элберт: ) "Прыватызацыя разьмеркаваньня энэргіі ўжо пачалася, яна – у дзеяньні, кампаніі асвойваюць яе і гэта – прыклад для рэгіёну, бо ня многія пайшлі на такі крок."

Малдова разгарнула масавую прыватызацыю ў 1993г. Праз тры гады каля трох мільёнаў малдаванаў былі ўжо акцыянэрамі амаль дзьвюх тысячаў прыватызаваных фірмаў. Урад заяўляе, што наступныя некалькі гадоў прынесьлі бюджэту каля 60-ці мільёнаў даляраў ад продажу некаторых прадпрыемстваў. Паводле Элберта, самым вялікім посьпехам прыватызацыі была амаль поўная перадача зямлі фэрмэрам.

Але прапанова прыватызаваць самыя значныя для краіны – вінную і тытунёвую прамысловасьці – спарадзіла дыскусію. Гэтыя дзьве галіны – асабліва вінная – найбольш каштоўныя для Малдовы. Паколькі краіне бракуе карысных выкапняў, найбольшы плён яна мае ад выкарыстаньня прыродных рэсурсаў: а менавіта – глебы, найбагацейшай у рэгіёне. Некалі малдаўскія віно, садавіна і гародніна імпартаваліся ўсімі рэспублікамі былога СССР.

Шматлікія міжнародныя фінансавыя інстытуты – у тым ліку і МВФ, і Ўсясьветны Банк – летась прыпынілі выдачу крэдытаў Малдове ў сувязі з тым, што краіна ня выканала заходніх рэкамэндацыяў і не прыватызавала віннаробчую прамысловасьць. Эканоміка Малдовы ў выніку не атрымала 125 мільёнаў даляраў.

Але на мінулым тыдні парлямэнт Малдовы нарэшце прагаласаваў за прыватызацыю вінаробчай прамысловасьці. Прэзыдэнт Петру Лучынскі выказаў спадзяваньне, што гэты крок прывядзе да хуткага аднаўленьня міжнародных крэдытаў. І сапраўды, перамовы на гэтую тэму ізноў пачаліся.

Малдоўскія камуністы, якія маюць каля 40% у парляманце, на знак пратэсту супраць рашэньня аб прыватызацыі, у часе галасаваньня пакінулі залю.

Аднак, паводле прадстаўніка Ўсясьветнага Банку Карласа Элберта, прыватызацыя галіны – адзіны шанец для Малдовы выйсьці на Заходнія рынкі, хаця ёй і ўдавалася раней пасьпяхова гандляваць у былым СССР.

(Элберт: ) "Калі вы хочаце экспартаваць у Заходнюю Эўропу, вам перадусім патрэбен кантроль за якасьцю, за стабільнасьцю, поўнае ўяўленьне пра патрэбы рынку. Раней гэтага не было, а цяпер – мусіць быць."

Паводле Элберта, супрацоўніцтва з Захадам дазволіць спыніць карупцыю, шырака распаўсюджаную ў вінаробчай прамысловасьці Малдовы. Ён спасылаецца на дадзеныя брытанскай эканамічнай разьведкі, паводле якой пратэст камуністаў у парляманце тлумачыцца тым, што яны самі маюць эканамічныя інтэрасы ў вінаробчай галіне і таму жадалі б захаваць статус-кво ў гэтым важнейшым сэктары малдоўскай эканомікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG