Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 кастрычнiка 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

На прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі нядаўна ўтворанае Кааліцыі моладзевых арганізацыяў прадставілі сваю плятформу. Ейны назоў — «Пераменаў!» І ўжо 12 лістапада Кааліцыя зьбіраецца наладзіць у Менску й шэрагу іншых гарадоў краіны масавыя вулічныя акцыі, каб данесьці да маладых людзей Беларусі ідэі агульнае плятформы дэмакратычных моладзевых арганізацыяў. Сёньня ж заява з просьбаю дазволіць у сталіцы правядзеньне мітынгу й шэсьця пад назовам «Пераменаў!» была пададзеная ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт.

Агульная плятформа Кааліцыі моладзевых арганізацыяў мае кідкі назоў — "Пераменаў!" Ідэі, якія маюцца ажыцьцявіць супольна незалежныя моладзевыя згуртаваньні, сфармуляваныя выразна і з ўласьцівай для маладога веку эмацыйнасьцю, скрозь якую праглядаецца рашучасьць да дзеяньняў. Вось адна красамоўная вытрымка: "моладзь больш ня можа цярпець зьдзеку й маразму гэтага састарэлага рэжыму. Моладзь больш ня хоча пакутваць ад сацыяльнае і эканамічнае неўладкаванасьці ды адсутнасьці пэрспэктываў. Краіна дасягнула крытычнага моманту. Болей трываць — немагчыма!"

Свае агульныя памкненьні найбуйнейшыя незалежныя моладзевыя арганізацыі фармулююць літаральна лёзунгамі з маніфэстацыяў: «Моладзь прагне свабоды», «Мы — за сапраўдную дэмакратыю!», «Мы — за дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі», «Беларуская моладзь — за вольны рынак».

У супольнай плятформе замацаваныя і ідэі, якія могуць быць прывабнымі для маладых людзей, якія мала ці ўвогуле палітыкаю не цікавяцца. Прыкладам, патрабаваньне стварыць альтэрнатыўную вайсковую службу або, нават, прафэсійныя ўзброеныя сілы.

Гэтакім чынам, лічыць лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, можна пашырыць моладзевы рух за перамены ў дзяржаве:

(Севярынец: ) «Плятформа адлюстроўвае імкненьне да пераменаў фактычна ўсёй моладзі, гэта дакладна. Плятформа знойдзе водгук. Гэта і прафэсыйнае войска, і Беларусь у Эўропу, і незалежнасьць, і патрабаваньне свабоды. Адзіная праблема, якую мы бачым, гэта дайсьці да маладых людзей».

Наколькі апраўдаюцца такія крокі сяброў-арганізацыяў Кааліцыі моладзевых арганізацыяў, стане бачна 12 лістапада на вулічных акцыях пад лёзунгам «Пераменаў!», якія плянуецца зладзіць у 30 гарадох Беларусі. І ня толькі ў вялікіх, але і ў малых. Там папулярызацыя ідэяў Кааліцыі будзе адбывацца, як выказаўся Павал Севярынец, у мясцовым кантэксьце. У Менску арганізатары акцыі заплянавалі шэсьце па праспэкту Францішка Скарыны — ад станцыі мэтро Акадэмія Навук да Кастрычніцкага пляцу.

(Севярынец: ) «Акцыя мусіць быць рашучая, пры гэты не арыентавацца на гвалт, на сутыкненьне як самамэту, яна мусіць прайсьці ўвечары з вялікай колькасьцю спэцэфэктаў і тым, што мы называем «моцны гук» – з моцным жывым гукам».

Сябры Кааліцыі выказваюць сваю рашучасьць у правядзеньні акцыі менавіта ў цэнтры гораду, і не зьбіраюцца дэманстраваць свае грамадзянскія правы на пляцы Бангалёр, куды звычайна ўлады гораду выпраўляюць апазыцыянэраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG