Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 кастрычнiка 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

(эфір 24 кастрычніка)
У буйных гарадох сталічнае вобласьці паміж судамі, адміністрацыйнымі выканкамаўскімі камісіямі ды аддзеламі нутраных справаў, з аднаго боку, і актыўнымі ўдзельнікамі байкатаваньня выбараў у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў" пачаліся юрыдычныя разьбіральніцтвы.

Сёньня ўраніцу судзьдзя Салігорскага суду Аляксандар Макарэвіч распачаў слуханьне справы сяброў Маладога Фронту Андрэя Лапановіча й Зьмітра Тычыны. Ім інкрымінавалася парушэньне адміністрацыйнага заканадаўства, бо напярэдадні галасаваньня за кандыдатаў у лукашэнкавы "Нацыянальны сход" юнакі ў горадзе расклейвалі ўлёткі, што заклікалі да байкоту выбараў.

На пытаньне судзьдзі: "Ці прызнаюць яны сябе вінаватымі?", хлопцы адказалі: "Не".

І тады судзьдзя Аляксандар Макарэвіч нечакана для ўдзельнікаў працэсу заявіў: паколькі падсудныя сябе вінаватымі не прызнаюць, акрамя таго з боку міліцыянтаў яшчэ няма сьведкаў, дык ён гэтую справу адкладвае на тыдзень. Як патлумачылі для радыё Свабода ў канцылярыі суду, спадар Макарэвіч заўтра сыходзіць у адпачынак, таму працэс будзе весьці іншы судзьдзя.

Тым часам у Слуцку намесьнік начальніка аддзелу грамадзкае бясьпекі маёр Алюшын сёньня выявіў куды большую зацікаўленасьць у тым, каб прыцягнуць да адміністрацыйнае адказнасьці Аляксандра Катлярова, старшыню мясцовай арганізацыі АГП, — за тое, што ён пад выглядам сустрэчы з выбаршчыкамі 8 кастрычніка нібыта наладзіў мітынг на гарадзкім стадыёне, на якім выступала Юлія Чыгір ды іншыя прадстаўнікі аб'яднанай апазыцыі.

Віктар Алюшын, між іншым, сустрэў у сваім габінэце пакліканага сюды спадара Катлярова з ужо загадзя складзеным пратаколам пра правапарушэньне Адміністрацыйнага кодэксу паводле артыкулу 167 прым, частка другая.

Калі ж Аляксандар Катляроў выказаў з напісаным нязгоду, дык міліцэйскі чын паабяцаў таму начлег да судовага паседжаньня ў КПЗ. Затым маёр сам адвёў затрыманага ў суд. Тут Аляксандар Катляроў запатрабаваў ад судзьдзі адкласьці працэс, каб запрасіць адваката й сьведкаў. Хадайніцтва было задаволенае — наступнае паседжаньне адбудзецца ў пятніцу. Калі Аляксандар Катляроў ня здолее даказаць сваю невінаватасьць, яму будзе пагражаць буйны грашовы штраф або арышт да 15 сутак.

Сёньня ж у другой палове дня на паседжаньні адміністрацыйнае камісіі пры Маладэчанскім гарадзкім выканкаме за раскідваньне па паштовых скрынках улётак на кіраўніка філіі дэмакратычнага аб'яднанья "Вэтэран" Тадэвуша Шусьціцкага быў накладзены штраф у памеры аднаго мінімальнага заробку.

У Барысаве ўлады не абыйшлі ўвагаю жыхароў дому №50-А па вуліцы Гагарына, якія свой удзел у галасаваньні паставілі ў залежнасьць ад гатоўнасьці мясцовае камунальнае службы адрамантаваць дзяржаўным коштам іхныя кватэры.

Сьведчыць жыхарка дому Ларыса Грэбнева:

(Грэбнева: ) "Пасьля нашых публічных акцыяў супраць гэтых выбараў нас пачуў увесь горад. Выбары тут праваліліся. Дык вось ацяпляльны сэзон у нас у доме 50 "а" па вуліцы Гагарына практычна да гэтага часу не распачаўся, хаця ў суседнія дамы цяпло было пазначанае яшчэ 19-20 кастрычніка",

— заначыла Ларыса Грэбнева.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG